08.04.2016 / 14:41

Кыргызстан прапанаваў вярнуцца да тэмы адзінай валюты ў ЕАЭС 3

Віцэ-прэм'ер Кыргызстана Аалы Карашаў мяркуе, што краінам — удзельніцам Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) неабходна вярнуцца да пытання аб увядзенні адзінай валюты на тэрыторыі гэтага эканамічнага ўтварэння.

Такое меркаванне намеснік кіраўніка кіргізскага ўрада выказаў на міжнародным форуме «Еўразійская эканамічная перспектыва», які праходзіць 8 красавіка ў Бішкеку.

«Найбліжэйшым часам неабходна разгледзець пытанні валютнага рэгулявання, у прыватнасці пытанне ўвядзення адзінай валюты ў ЕАЭС для ажыццяўлення сумеснай гандлёва-эканамічнай дзейнасці і мытнага рэгулявання ў рамках гэтай арганізацыі», — заявіў чыноўнік.

У сваю чаргу, дэпутат парламента Арменіі Грант Баграцян падтрымаў прапанову Карашава і адзначыў, што пытанне адзінай валюты ў ЕАЭС стаіць «вельмі востра». «Я не думаю, што яно можа трываць да 2025 года, лічу, што нявырашанасць гэтага пытання можа стаць сур'ёзнай перашкодай для росту эканомікі краін — удзельніц ЕАЭС», — лічыць армянскі парламентарый.

У працы форуму «Еўразійская эканамічная перспектыва» разам з прадстаўнікамі дзяржаў ЕАЭС бяруць удзел дэпутаты парламента Беларусі.

На сустрэчы лідараў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, якая прайшла 20 сакавіка 2015 года, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў калегам па ЕАЭС пагаварыць «аб магчымасці фарміравання ў перспектыве валютнага саюза», аднак не знайшоў падтрымкі ў гэтым пытанні ні беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, ні кіраўніка Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Пасля высокія чыноўнікі ў Беларусі і Казахстане неаднаразова заяўлялі пра дачаснасць і немагчымасць увядзення адзінай валюты ў рамках ЕАЭС.

31 сакавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю медыяхолдынгу «Блумберг» заявіў, што ўвядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе з'яўляецца пытаннем не сённяшняга дня.

0
студент / Адказаць
08.04.2016 / 17:05
ПРЕДЛАГАЮ С ЕВРОСОЮЗОМ ЕДИНУЮ ВАЛЮТУ ЗАВЕСТИ!
0
гаспадар літоўскі. / Адказаць
08.04.2016 / 18:24
На дурніцу захацелася пажыць ! Бо бязгрошша ды крызіс ужо проста дасталі !
0
Неабыякавы / Адказаць
09.04.2016 / 20:57
А што губляць кыргызам? Якая там у іх эканоміка? Ды і яўна з расейскай падачы прагучала ініцыятыва "малодшага брата".
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру