У Беларусі плануецца стварыць міністэрства антыманапольнага рэгулявання, паведаміў 8 красавіка начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Кірыл Руды на пасяджэнні каардынацыйнага савета праекта «Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь».
Паводле яго слоў, рыхтуецца праект указа аб стварэнні ў Беларусі такога міністэрства ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы. «Дэпартамент Міністэрства эканомікі будзе перададзены Міністэрству гандлю, і створанае новае міністэрства», — сказаў Руды. Зараз у Мінэканомікі функцыі антыманапольнага органа выконвае дэпартамент цэнавай палітыкі.
Памочнік прэзідэнта падкрэсліў, што сёння «важнай задачай для Беларусі з'яўляецца развіццё канкурэнцыі, барацьба з інфляцыяй, барацьба з манапольнай змовай».
Руды адзначыў, што калі тэхнічна перадаць дэпартамент з аднаго ведамства ў іншае, чаканых мэтаў можна не дасягнуць. Таму важна ацаніць, наколькі дзяржслужачыя ведаюць методыкі і лепшыя практыкі ў сферы дзяржкіравання і навучыць кадры.
Навучанне чыноўнікаў будзе праходзіць у тым ліку ў рамках праекта «Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь», які пачалі рэалізоўваць Праграма развіцця ААН, Адміністрацыя прэзідэнта і Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.
Нагадаем, 2 сакавіка міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі паведаміў, выступаючы на XVII Асамблеі дзелавых колаў Беларусі, што рыхтуецца праект указа аб наданні функцый незалежнага антыманапольнага органа Міністэрству гандлю.