Невядомы параніў з пісталета пасажыра маскоўскага метро на станцыі «Прафсаюзная» Калужскай-Рыжскай лініі, паведамляюць расійскія інфармагенцтвы са спасылкай на прэс-службу галоўнага ўпраўлення МУС Расіі па Маскве.
Стральба меркавана вялася з траўматычнага пісталета «Аса». Ёй папярэднічала слоўная сварка стралка з пацярпелым. Па словах відавочцаў, апошні ў выніку атрымаў два стрэлы ў галаву практычна ва ўпор.
Нападнік выйшаў з вагона на станцыі «Калужская» і ўцёк з месца здарэння, у цяперашні час вядзецца яго пошук. Галоўнае следчае ўпраўленне СКР па Маскве распачало крымінальную справу пра замах на забойства, па гэтым артыкуле мужчыну пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пацярпелы дастаўлены ў бальніцу, яму аказваюць дапамогу.
Гэта ўжо другі за апошнія дні выпадак прымянення зброі ў маскоўскім метро. 5 красавіка на станцыі «Таганская» пасварыліся двое мужчын. У выніку адзін з іх нанёс другому колата-рэзанае раненне. Падазраванага неўзабаве ўдалося затрымаць.