08.04.2016 / 22:31

Эксперты: Польшча перастане патрабаваць ад Лукашэнкі дэмакратыі  4

«Варшава будзе патрабаваць ад Менска мінімальнай пашаны правоў чалавека й нэйтралітэту», – кажа Міхал Патоцкі. 

Польшча ня зможа прасоўваць дэмакратычныя й рынкавыя рэформы ва ўсходніх краінах-суседзях і падштурхоўваць іх да збліжэньня з Эўразьвязам. Галоўнай мэтай польскай палітыкі ў стасунку да Беларусі будзе забясьпечыць нэйтральнасьць Менска і недалучэньне яго да расейскай канфрантацыі з Захадам. Замежная палітыка сёньняшняга ўраду партыі «Права й справядлівасьць» будзе моцна адрозьнівацца ад палітыкі, якую праводзіў урад пад кіраўніцтвам гэтай партыі восем гадоў таму. Так лічаць удзельнікі дыскусіі «Усходняя палітыка «Права й справядлівасьці», што нядаўна прайшла ў Варшаве.

Шмат хто ў Беларусі і Ўкраіне спадзяваўся, што пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах кансэрватараў Варшава пачне праводзіць актыўную замежную палітыку на ўсходнім накірунку. Польшчу бачылі як галоўнага адваката Ўкраіны ў Эўразьвязе й актыўнага прыхільніка дэмакратызацыі Беларусі. Варта прыгадаць, што стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага і тэлеканал «Белсат» былі створаныя тады, калі ўрад у Польшчы ўзначальвалі палітыкі «Права й справядлівасьці». 

Некаторыя публіцысты нават спадзяваліся, што Варшава пачне рэалізоўваць праект «Міжмор’я» – эканамічнага і палітычнага саюзу краінаў ад балтыйскага да чарнаморскага ўзьбярэжжа. Аднак Польшча ня будзе ў стане рэалізаваць гэты праект, як і ня будзе дабівацца свабодных выбараў у Беларусі – лічыць польскія экспэрты па ўсходнеэўрапейскай тэматыцы.

Чаму ў бліжэйшай будучыні Варшава ня зможа прасоўваць эўрапейскія каштоўнасьці й рынкавыя рэформы сярод усходніх суседзяў? Галоўная прычына заключаецца ў тым, што польскі ўрад страціў падтрымку дзяржаваў Эўразьвязу. Да гэтага прывёў канфлікт ураду з канстытуцыйным судом і грамадзкімі СМІ – кажа прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту палітоляг Анджэй Шэптыцкі. 

«Польшча – не звышдзяржава. Яна можа гуляць толькі ў камандзе, і апошнія 12 гадоў яна даволі эфэктыўна гэта рабіла. Прыгадаем ролю Польшчы ў мірным вырашэньні канфлікту падчас Аранжавай рэвалюцыі, стварэньні Ўсходняга партнэрства, удалую рэакцыю на ўвядзеньне Расеяй эмбарга на польскія мясапрадукты. Усё гэта можна было зрабіць дзякуючы сяброўству Польшчы ў Эўразьвязе. Цяпер, калі пазыцыя Польшчы ў ЭЗ слабее, дамагчыся нейкіх посьпехаў на ўсходнім накірунку будзе нашмат цяжэй».

Другая прычына, з-за якой Польшча перастане патрабаваць ад Менска дэмакратызацыі, заключаецца ў неабходнасьці запэўніць бясьпеку сваёй усходняй мяжы. Менавіта пытаньні бясьпекі падштурхнулі міністра замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага напрыканцы сакавіка наведаць Менск. Польшчы важна, каб Беларусь ня ўмешвалася ў супрацьстаяньне Расеі з Захадам – кажа вядомы журналіст-міжнароднік Міхал Патоцкі.

«Кожны месяц, на працягу якога Лукашэнку ўдасца пераканаць не разьмяшчаць у Беларусі расейскай вайсковай базы, дае нам час на мадэрнізацыю нашай арміі й распрацоўку плянаў абароны. Гэта яшчэ адзін месяц, на працягу якога мы можам адчуваць сябе больш бясьпечнымі ў адносінах да Расеі».

Польскі ўрад ня будзе патрабаваць ад Лукашэнкі дэмакратызацыі. Аднак мінімальнымі ўмовамі для супрацоўніцтва стануць нэйтральнасьць Менска й павага да правоў чалавека – лічыць Міхал Патоцкі.

«Былы міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі падчас свайго візыту ў Менск рабіў націск на дэмакратызацыю – гэта значыць на свабодныя выбары. А Вітальд Вашчыкоўскі хутчэй акцэнтуе пытаньні правоў чалавека: каб у Беларусі не было палітычных вязьняў, не праводзілася рэпрэсіяў супраць апазыцыі, каб афіцыйную рэгістрацыю атрымалі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» й тэлеканал «Белсат».

Калі з Лукашэнкам размаўляюць пра дэмакратыю, ён не ўспрымае сваіх суразмоўцаў усур’ёз. Калі ж яму паведаміць, што ўзамен за акрэдытацыю «Белсату» ён атрымае грошы на мадэрнізацыю памежнага пераходу – то гэта Лукашэнка ўспрымае як канкрэтную прапанову, вакол каторай можна весьці перамовы. Калі пару такіх дробных, але важных для Польшчы й беларускага грамадзтва пытаньняў удасца вырашыць, то гэта ўжо будзе канкрэтны вынік польска-беларускай «адлігі»».

Рэалізаваць даўнюю мару польскіх кансэрватараў – саюз краінаў «Міжмор’я» – таксама ня ўдасца, лічыць экспэрт парталу Eastbook.pl Павал Пурскі. Далёка ня ўсе краіны рэгіёну лічаць неабходным аб’ядноўвацца з-за расейскай пагрозы.

«Краіны Эўразьвязу, а таксама патэнцыйныя ўдзельнікі гэтага праекту не захочуць выступаць супраць Расеі. Яны маюць рознагалосьсі ня толькі ў адносінах да Масквы, але й і ў адносінах паміж сабой. Паглядзіце, напрыклад, на супярэчнасьці паміж Вугоршчынай і Румыніяй альбо Польшчай і Летувой. Так што «Міжмор’е» застанецца прыгожай ідэяй, хаця хто ведае – калі вызначым кірункі супрацоўніцтва, магчыма, нешта з гэтага ў будучыні выйдзе».

Зьнешнепалітычным праектам не спрыяюць і грамадзкія настроі ў Польшчы. У сацыяльных сетках і СМІ ўсё часьцей чутныя галасы супраць Эўразьвязу, уцекачоў, як заходніх, так і ўсходніх суседзяў Польшчы. Як і іншым грамадзянам Эўразьвязу, палякам усё менш хочацца дапамагаць замежнікам, а ўсё больш хочацца сканцэнтравацца на ўласных праблемах. Калі раней у грамадзтве панавала згода наконт таго, што Польшчы варта несьці эўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці на Ўсход, то цяпер гэтая ідэя таксама стала прадметам вострай дыскусіі.

На думку экспэртаў, ня варта чакаць што ў бліжэйшыя гады Польшча будзе актыўна спрыяць «эўрапеізацыі» краінаў-суседзяў. Варшава ня зможа праводзіць эфэктыўную ўсходнюю палітыку, пакуль ня верне даверу Эўразьвязу, і пакуль самі краіны Эўразьвязу не пагодзяцца, што Ўсходняя Эўропа для іх важная.

Ніхто ў польскім урадзе ўжо ня цешыць сябе надзеяй, што Лукашэнку ўдасца дэмакратызаваць. Палітыка Варшавы будзе скіраваная на рэалізацыю мінімальных супольных інтарэсаў зь Менскам. Галоўным такім інтарэсам зьяўляецца нэйтральнасьць і незалежнасьць Беларусі.

0
ага / Адказаць
09.04.2016 / 14:11
Ну дык, зразумела, што дэмакратыі павінны патрабаваць грамадзяне Беларусі! Але ў нас за такое патрабаванне кідаюць у турмы, а зараз проста ператвараюць у бамжоў дзікунскімі штрафамі. Пытанне толькі ў тым, ці будуць палякі салідарнымі са змагарамі за дэмакратыю?
0
вопрос / Адказаць
09.04.2016 / 14:12
А что такое "демократизовать Лукашенко"? Это, что, означает: "Лукашенко, отдай власть"? Как же он согласится? :))
0
Цімахвей / Адказаць
09.04.2016 / 18:37
Польшча ўжо дастаткова зрабіла для дапамогі дэмакратычным сілам нашай краіны, але не ў стане прынесьці ў Беларусь дэмакратыю на талерцы.Аб гэтым павінен паклапаціцца народ Беларусі.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру