Даўні тэнісны партнёр Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын і былы яго памочнік па спорце Ігар Заічкоў, якія скандальна пакінулі свае пасады ў 2012 годзе пасля няўдалага выступлення беларускіх спартсменаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане, цяпер актыўна займаюцца бізнэсам. Прычым, як распавялі крыніцы TUT.BY, заходзяць у тыя сектары, куды пачаткоўцам без сувязяў і знаёмстваў вельмі складана прабіцца.

Ігар Заічкоў (злева) і Сяргей Цяцерын. Фота: Алег Малышаў, gazetaby.com

Ігар Заічкоў (злева) і Сяргей Цяцерын. Фота: Алег Малышаў, gazetaby.com

Сяргей Цяцерын з'яўляецца дырэктарам кампаніі «БелГлобалСтарт», а ягоны намеснік — Ігар Заічкоў. Пачатак бізнэсу быў закладзены ў 2013 годзе.

Праз год «БелГлобалСтарт» стаў галаўной арганізацыяй холдынгу, які аб'яднаў пад сваім кіраваннем некалькі кампаній, якія займаюцца рознай дзейнасцю: «БелГлобалСтар», «БелГлобалГарант» і «БелГлобалТон».

«БелГлобалТон» займаецца аптова-рознічным продажам мэблі і прадметаў інтэр'еру. Ён імпартуе сваю прадукцыю ва ўласныя шоў-румы наўпрост з фабрык-вытворцаў размешчаных у Даніі, Італіі, Кітаі.

«БелГлобалСтар» кіруе сеткай кінабараў «Blockbuster», размешчаных у вядучых кінатэатрах Мінска, а таксама ў Магілёве і Горках, гэта вынікае са старонкі ўстановы ў сацсетках.

Адным з топ-мэнеджараў «БелГлобалСтара» з'яўляецца дачка Цяцерына Таццяна. «Яна там гаспадыня», — кажа знаёмы бізнэсмена.

«БелГлобалГарант» пастаўляе на беларускі рынак некаторыя прадукты харчавання і тавары народнага спажывання (чай, каву, снэкі, кансервы, кандытарскія вырабы і г.д.).

У 2015 годзе кампанія ўвайшла ў спіс спецімпарцёраў алкагольнай прадукцыі. Цяцерын атрымаў права на пастаўкі він, вермуту, каньяку і віскі з-за мяжы.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці — гэта продаж кармоў для жывёлагадоўлі.

«БелГлобалСтарт» таксама з'яўляецца пастаўшчыком спартыўнага харчавання.

«Неабходнасць прымянення спецыяльнага спартыўнага харчавання сёння ўжо не выклікае сумневу і з'яўляецца законнай альтэрнатывай допінгу як для спартсменаў-прафесіяналаў, так і для аматараў здаровага ладу жыцця. Іх ужываюць ўжо даўно і паспяхова», сказана на сайце кампаніі.

У рэкламным модулі, размешчаным у некаторых беларускіх СМІ, у склад холдынгу «БелГлобалСтарт» ўключана кампанія «БелПакСнаб». Інфармацыі пра яе з адкрытых крыніц — мінімум.

Летась на пакістанскіх інтэрнэт-рэсурсах прайшла інфармацыя пра тое, што кампанія з такой назвай планавала займацца пастаўкамі беларускіх трактароў у Пакістан, але патрапіла ў скандал, звязны нібыта з махінацыямі з адкрыццём банкаўскага рахунку і подпісамі на дакументах. Неўзабаве іншы рэсурс,The Express Tribune, выпусціў матэрыял пра тое, што беларускіх бізнэсменаў, якія гатовыя прывезці ў краіну неабходныя тэхналогіі і інвестыцыі, несправядліва абвінавачваюць і ўціскаюць у Пакістане. У выніку беларусы анулявалі пагадненне з грамадзянінам Пакістана праз невыкананне ім узятых на сябе абавязацельстваў.

Некалькі бізнесменаў пацвердзілі TUT.BY, што ўсю дзейнасць «БелГлобалСтарта» курыруе Сяргей Цяцерын. «Ён сабраў каманду, стварыў некалькі зразумелых яму бізнэсаў, выкарыстоўваючы напрацаваныя сувязі і магчымасці», — гаворыць мінскі прадпрымальнік. Пры гэтым ён сказаў, што «Цяцерын можа быць звязаны з яшчэ некалькімі бізнэсамі».

***

Сяргей Цяцерын у савецкі час дамогся пэўных поспехаў у маладзёжным тэнісе, быў капітанам мужчынскай зборнай Беларусі, якая з дапамогай Максіма Мірнага і Уладзіміра Валчкова прабівалася ў паўфінал Кубка Дэвіса.

Цяцерын захапіў Аляксандра Лукашэнку тэнісам, з часам стаў адным з самых блізкіх да Лукашэнкі людзей. Цяпер яго часта можна ўбачыць у складзе прэзідэнцкага пула на нефармальных мерапрыемствах.

Цяцерын займаў адказныя пасады ў спартыўнай галіне. Ён быў першым намеснікам міністра спорту і турызму, памочнікам прэзідэнта, дырэктарам алімпійскага спарткомплексу «Раўбічы», дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Цяпер член каманды Лукашэнкі займае крэсла намесніка старшыні Беларускай тэніснай федэрацыі і ўзначальвае Беларускі лыжны саюз. «Ён у тэнісе вясельны генерал. Там усім загадвае [Аляксандр] Шакуцін», — кажа крыніца ў спартовай галіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?