Брытанскі рок-гурт Deep Purple папоўніў Залу славы рок-н-ролу. Цырымонія ўшанавання прайшла ў нью-ёркскім «Барклайс-цэнтры» у пятніцу 8 красавіка.

Вакаліст Ен Гілан (злева) і гітарыст Сціф Морс выканалі некалькі хітоў гурта. Фота Reuters

Група, заснаваная ў 1968 годзе, лічыцца адным з самых уплывовых музычных калектываў у хард-року 70-х гадоў. Ва ўсім свеце прададзена больш за 100 млн копій іх альбомаў.

На цырымоніі адсутнічаў адзін з заснавальнікаў калектыву гітарыст Рычы Блэкмар, з якім іншыя ўдзельнікі групы выступаць адмовіліся. 

Музыкі выканалі сэт, які складаецца з хітоў ранейшых гадоў: у прыватнасці, Highway Star і Smoke on the Water.

Адзін з гасцей мерапрыемства — барабаншчык Metallica Ларс Ульрых — распавёў, што ўпершыню пачуў Deep Purple на канцэрце ў Капенгагене, калі яму было дзевяць гадоў, і гэта змяніла ягонае жыццё.

«Практычна без выключэння кожны хард-рок-гурт апошніх 40 гадоў, у тым ліку наш, вядзе свой радавод ад Black Sabbath, Led Zeppelin і Deep Purple. У глыбіні душы я не разумею, чаму іх так запозна ўвялі ў Залу славы рок-н-ролу «, — цытуе музыку AP.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?