У суботу 9 красавіка Мінск наведае Ганна Марыя Андэрс — Упаўнаважаная па пытаннях міжнароднага дыялогу Канцылярыі Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Польшча, паведамілі ў пасольстве Польшчы ў Мінску.

Яна мае намер абмеркаваць з беларускім бокам пытанні актывізацыі польска-беларускага гістарычнага дыялогу. Візіт стане працягам перамоваў па гэтым пытанні, пачатых у сакавіку ў Мінску кіраўніком польскага МЗС Вітальдам Вашчыкоўскім.

Ганна Марыя Андэрс. Фота svaboda.org

У суботу а 18.15 Ганна Марыя Андэрс ускладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. А 18.30 плануецца кароткая заява для СМІ.

У нядзелю, 10 красавіка, Ганна Марыя Андэрс выедзе з Мінску ў Катынь і Смаленск на ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Катынскай трагедыі і 6-й гадавіне Смаленскай катастрофы.

Ганна Марыя Андэрс нарадзілася ў 1950 г. у Лондане. Яна дачка генерала Польскай Арміі Уладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у вераснёўскай кампаніі 1939 г., а раней камандаваў Навагрудскай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам ў Баранавічах.

У 1939 г. генерал Андэрс быў арыштаваны, на працягу 22 месяцаў знаходзіўся ў турмах НКУС ў Львове і Маскве. Ад 4 жніўня 1941 г. ён стаў камандуючым польскім войскам у СССР, сфарміраваным польскім урадам у Лондане ў адпаведнасці з дамовай Сікорскага-Майскага. Войска, якое налічвала некалькі дзясяткаў тысяч салдат, было эвакуявана з СССР праз Каспійскае мора на Блізкі Усход, а пазней як 2-гі Польскі корпус разам з заходнімі саюзнікамі ўдзельнічала ў баях супраць гітлераўскай Германіі ў Італіі. Найбуйнейшым поспехам 2-га Польскага корпуса стала перамога ў бітве пад Монтэ-Касіна, якая зламала «лінію Густава» і адкрыла саюзнікам шлях на Рым. Пасля Другой сусветнай вайны генерал Уладзіслаў Андэрс жыў у эміграцыі. Памёр у 1970 г. у Лондане.