Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» удастоены прыза «Еўропа Ностра-2016» у катэгорыі «Адданая служба», паведамілі БелТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Фота Сяргея Мікулевіча, nn.by

Фота Сяргея Мікулевіча, nn.by

Журы прэміі ўразілася манументальнай працай па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў ўсяго за некалькі месяцаў.

«Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і 400 тыс. наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды», — лічаць у вядучай еўрапейскай арганізацыі ў галіне спадчыны «Еўропа Ностра».

Экспазіцыя арсенала ў Нясвіжы: шабля з калекцыі. Фота Сяргея Мікулевіча, nn.by

Адзначаны як характэрны той факт, што музей знайшоў агульную мову з папярэднімі ўладальнікамі палаца. Умацаванне ўзаемаразумення паміж нашчадкамі роду і супрацоўнікамі музея дазволіла апошнім атрымаць доступ да калекцый Радзівілаў, тым самым узмацняючы ўражанні наведвальнікаў ад гэтага элегантнага замка і пацвярджаючы, што яго багатая гісторыя захоўваецца ў адпаведнасці з яе кантэкстам, лічаць еўрапейскія эксперты.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 24 мая ў тэатры «Сарсуэла» у Мадрыдзе. Каля тысячы чалавек, у тым ліку прафесіяналаў у галіне спадчыны, валанцёраў і спонсараў з усёй Еўропы, будуць удзельнічаць у мерапрыемстве. Пераможцы прадставяць свае дасягненні раніцай 24 мая на адмысловай цырымоніі ў штаб-кватэры Каралеўскай школы архітэктуры ў Мадрыдзе, а таксама паўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах Еўрапейскага кангрэса спадчыны ў Мадрыдзе, які пройдзе 22—27 мая.

Дарэчы, гэта ўжо другі выпадак прысуджэння ўзнагароды «Еўропа Ностра» праекту з Беларусі. У 1993 годзе гэтага прыза ўдастоены Мірскі замак за аднаўленне і рэстаўрацыю.

Europa Nostra («Еўропа Ностра») — агульнаеўрапейская федэрацыя арганізацый, якія працуюць у галіне спадчыны, якую падтрымлівае шырокая сетка дзяржаўных органаў, прыватных кампаній і фізічных асоб. Створана ў 1963 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0