17 красавіка ў Раённым цэнтры культуры горада Маладзечна адбудзецца майстар-клас па беларускіх побытавых танцах з Сяргеем Выскваркам. Бясплатна навучыцца танчыць як продкі зможа любы ахвотны.

Пра гэта Край.бай паведаміла Вольга Трубач.

– Мы запрашаем да ўдзелу ў майстар-класе ўсіх ахвочых: не мае значэння колькі вам год і ці маеце вы харэаграфічную адукацыю – галоўнае жаданне! Можаце прыйсці адзін, а пару знойдзеце сабе ўжо на месцы. Побытавы танец – гэта стыхійная праява пачуццяў, настрою, эмоцый і выконваецца ён у першую чаргу для сябе, і толькі потым – для гледача.

Як зазначыла суразмоўца, майстар-клас праводзіць Сяргей Выскварка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог. Ён з'яўляецца мастацкім кіраўніком узорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі». Пад яго кіраўніцтвам з 2011 года ў межах рэгіянальнага фэсту народнай культуры «Пятроўскі фэст» праходзіць танцавальная школа «Пятровіца».

– Гэта мерапрыемства будзе карыснае тым, хто цікавіцца сваёй спадчынай, гісторыяй роднага краю. Крацей, – дадала яна, – калі хочацце навучыцца танчыць як продкі, прыходзьце на майстар-клас.

Сяргей Выскварка – збіральнік і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры

Па словах Вольгі Трубач, майстар-класс будзе доўжыцца каля трох гадзін.

Пачатак у 14.00. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0