Кіраўніцтва Беларускага металургічнага завода (ААТ «БМЗ» — кампанія-кіраўнік холдынга «БМК») прыняло рашэнне супрацоўнічаць з Еўракамісіяй у межах распачатага ў дачыненні да беларускага вытворцы антыдэмпінгавага расследавання і зарэгістравала прадпрыемства ў якасці зацікаўленай асобы, гаворыцца ў каментарыі на афіцыйным сайце БМЗ.

«Еўрапейская камісія атрымае адказы на ўсе пытанні, якія яе цікавяць, і растлумачэнні, неабходныя для прыняцця адпаведных рашэнняў. У сваю чаргу прадпрыемствам для кансультацый будуць прыцягнутыя дасведчаныя адвакаты, якія сумесна са спецыялістамі і суб'ектамі ўласнай тавараправоднай сеткі выканаюць усе мерапрыемствы, неабходныя для кваліфікаванай аховы БМЗ у антыдэмпінгавым расследаванні. Аказаць падтрымку таксама пагадзіліся розныя структуры і камерцыйныя партнёры», — гаворыцца ў паведамленні.

На БМЗ удакладнілі, што «апошнія гады галоўнай праблемай сусветнай металургіі стала значнае зніжэнне ўзроўню спажывання металапрадукцыі, што прывяло да фарміравання залішняй прапановы і рэзкага падзення цэн на рынку». «Такія складаныя ўмовы балюча ўдарылі па эканоміцы прадпрыемстваў, перавялі ў разрад стратных многіх яшчэ нядаўніх лідараў галіны. Сітуацыя, што мяжуе з барацьбой за выжыванне, вымушае металургаў звяртацца па падтрымку да ўрадаў сваіх краін. Адным з найбольш распаўсюджаных механізмаў аховы вытворцамі сваіх інтарэсаў з'яўляецца ініцыяванне антыдэмпінгавых расследаванняў з мэтай увядзення дадатковых пошлін», — лічаць на прадпрыемстве.

Нагадаем, Еўракамісія 31 сакавіка распачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да Беларускага металургічнага завода па экспарце ў ЕС гарачакачанай арматуры. Адпаведная скарга была пададзеная 15 лютага 2016 года Еўрапейскай асацыяцыяй вытворцаў сталі (Eurofer) паводле даручэння прадпрыемстваў, якія кантралююць больш за 25% рынку арматуры ў Еўрасаюзе.

У прыватнасці Eurofer скардзіцца на вялікія аб'ёмы паставак арматуры з Беларусі па нярынкавых цэнах, што адмоўна паўплывала на аб'ёмы продажу і цэны на рынку ЕС і, як следства, неспрыяльна адбілася на фінансавым становішчы шэрагу еўрапейскіх вытворцаў. У межах расследавання будзе вывучаны перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2015 года. Пры гэтым вывучэнне тэндэнцый рынку будзе ахопліваць перыяд з 1 студзеня 2012 года па 31 снежня 2015 года.

Беларускі металургічны завод быў запрошаны Еўракамісіяй да ўдзелу ў працы камісіі па расследаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?