Мадыфікаваная версія снайперскай вінтоўкі G28 вытворчасці нямецкай кампаніі Heckler & Koch стане самай масавай у сваім класе ў амерыканскай арміі, піша партал armytimes.com.

opex360.com

opex360.com

Новая вінтоўка будзе прызначаная для ўзбраення звычайных пехацінцаў — найлепшых стралкоў у сваім аддзяленні. Яна заменіць вінтоўкі M110 кампаніі Knight's Armament, бо мае меншую вагу, больш кароткую рулю пры не горшай трапнасці і надзейнасці.

Такія «вінтоўкі найлепшых стралкоў» займаюць у амерыканскай класіфікацыі месца паміж звычайнымі штурмавымі вінтоўкамі і «сапраўднай» дальнабойнай снайперскай зброяй, якую атрымліваюць людзі з больш высокім узроўнем падрыхтоўкі, што служаць у асобных падраздзяленнях.

Нямецкі жаўнер з G28. Фота wikimedia.org

Нямецкі жаўнер з G28. Фота wikimedia.org

Паводле гэтай класіфікацыі, у сярэднім штурмавыя вінтоўкі павінны эфектыўна ўжывацца на дальнасці бою да 250 метраў, вінтоўкі найлепшых стралкоў - да 600 м, снайперскія вінтоўкі — больш за 600 м.

У гэтым сэнсе, напрыклад, савецкая вінтоўка СВД — тыповая вінтоўка найлепшага стралка, а не снайперская вінтоўка.

G28 мае калібр 7,62 мм і з'яўляецца паўаўтаматычнай зброяй. Першы варыянт зброі ўжо выкарыстоўваецца нямецкай арміяй. Варыянт для амерыканскай арміі распрацаваны ў межах праекта па тэме Compact Semi-Automatic Sniper System — «кампактная паўаўтаматычная снайперская сістэма».

Канкрэтныя паказчыкі G28 CSASS пакуль невядомыя, аднак камерцыйная версія важыць 5,8 кг і мае даўжыню ад 96,5 см. Такім чынам, яна на 1,3 кг лягчэй і на 6 см карацейшая за M110.

Кошт кожнай новай армейскай вінтоўкі — прыкладна $12000, усяго армія ЗША купіць да 3643 вінтовак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?