Увечары ў нядзелю, 10 красавіка, у расійскім Новасібірску каля ТРЦ «Галерэя. Новасібірск» адбылася бойка паміж кіроўцамі.

Як паведамляе NDN.info са спасылкай на пацярпелага ў здарэнні бізнэсмэна Вадзіма Мальцава, прычынай канфлікту стала няправільная паркоўка аўтамабіля «Нісан», які перагарадзіў праезд машыне Вадзіма. Мальцаў удакладняе, што спроба пагаварыць з кіроўцам іншамаркі і просьба перапаркавацца прывялі толькі да славеснай сваркі, падчас якой у бок бізнэсмэна пачуўся «адборны мат». Тады Мальцаў пайшоў на хітрасць — выцягнуў з кішэні адвёртку і інсцэніраваў пракол задняга кола «Нісана».

Рэакцыя была неадкладная — з машыны выйшаў мужчына, нашмат большы за Вадзіма па габарытах, які выдаў тыраду абраз. Сварка перарасла ў бойку. Неўзабаве да бойкі падключыўся нейкі «чалавек у расе», які да гэтага сядзеў на заднім сядзенні «Нісана». Мужчына ў касцюме святара накінуўся на Мальцава са спіны і некалькі разоў ударыў яго па галаве цяжкім крыжам.

Спыніў бойку нарад паліцыі, які прыбыў на месца здарэння. Ужо ў аддзяленні ўдзельнікі бойкі напісалі адзін на аднаго заявы, абвінавачваючы ў канфлікце, пасля чаго разышліся.

Як удалося высветліць журналістам, удзельнікам бойкі ў расе аказаўся былы святар Новасібірскай епархіі ігумен Феадосій (Аляксандр Чарняйкін). Яшчэ ў 2011 годзе бацюшка трапіў пад царкоўны суд за парушэнне манаскіх зарокаў — напрыклад, самавольнае пакіданне манастыра, продаж ювелірных вырабаў, удзел у перадвыбарнай кампаніі дэпутата і заклікі да царкоўных расколаў. Новасібірская епархія забараніла Чарняйкіну нашэнне манаскай вопраткі і святарскага крыжа і нават зрабіла зварот з заклікам не кантактаваць з аферыстам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0