Зміцер хіцер, ды і Саўка не дурны, — гаварылі пра яго.

Упершыню я ўбачыла Змітра на радыё «Рацыя» ў Менску на Рэвалюцыйнай. Дзіўны, яркі чалавек сядзеў на падушачцы за сваім кампом, абедаў нейкімі дзіўнымі ссабойкамі з каробачак і лаяўся з калегамі за мову.

Вакол яго паветра аж віравала ад незадавальнення і смешак: ён меў свае погляды на мову і не вагаўся іх адстойваць — з імпэтам і аргументавана. Адкідваў нашыя аргументы «гэта ненатуральнае слова» і «ў нашай вёсцы так не кажуць».

Я якраз была вялікая прыхільніца аргумента «ў нашай вёсцы так не кажуць і ў нашай літаратуры так не пішуць», вяла з ім доўгія баталіі, але не дацягвала ў плане аргументацыі.

З чаго і дарабілася ад яго паблажлівай мянушкі «Святуля» на ўсё жыццё.

З цягам часу я ўсё больш разумела характар гэтага чалавека: ён паважаў сябе і ўсё, чым займаўся. Пры гэтым выстаўляючыся на небяспеку быць нелюбімым, непрыйманым, смешным. Мусіць, яму гэта балела. Але пазнаць па сабе ён гэтага не даваў.

Зміцер Саўка быў самым экалагічным чалавекам з тых, каго я ведаю. Экалагічным найперш у дачыненні з людзьмі. Пры мне ён ніколі і нікога не асудзіў і не зганьбіў. Ні разачку.

Ён мог абмеркаваць учынак, але не чалавека.

«Ты талтэк, Зміцер», — казала я яму. Ёсць чатыры правілы талтэкаў, якія вельмі пасавалі да ягоных паводзінаў. Першае: яго слова заўжды было дасканалым. Ён перакопваў дзясяткі кніг і слоўнікаў, каб давесці сваю моўную рацыю што да слоўца. Мы елі на працы канапкі, бутэрброды і скібкі, а ён — толькі лусцяні.

Першае правіла талтэкаў на дадатак кажа, што слова павінна быць прамым і чэсным, што плёткі ёсць атрутай для чалавечнасці. Як і хлусня, і паклёп. Змітрова слова і тут было дасканалым.

Другое правіла — нічога не браць на свой конт. Усё, што людзі пра цябе гавораць, — праекцыя іх рэальнасці, фрустрацыі, гневу, фантазій і неінфармаванасці. Абразы — іх праблема, не ваша. Змітру даставалася за яго «семіцкае аблічча» і за амурныя справы. І тут ён паводзіў сябе як талтэк. Быў стойкі, не помсціў, не жаліўся, нікога не грузіў.

Трэцяе правіла — не канструяваць здагадак, не ўяўляць негатыўнага развіцця падзеяў. Нават калі мы ўжо ведалі, што ягоны дыягназ прарочыць як мінімум жорсткую доўгую барацьбу, ён не дапускаў да сябе змроку і стараўся нікому не ўскладаць на плечы свайго страху і болю. «Да канца года я буду здаровым чалавекам»,— паўтараў ён. Барацьба аказалаcя жорсткай, але кароткай. Я дагэтуль не ведаю, ці ён пра гэта здагадваўся. Мы строілі планы адносна будучыні, што вось і тое трэба зрабіць, і гэта… Мы гаварылі пра каханне, любоў, псіхалогію, дзяцей… Ніводзін чалавек не здагадваўся, што ён пры Божай пасцелі. Да свайго апошняга дня, калі хвароба скруціла яго, ён быў спакойным, вясёлым і бадзёрым.

Чацвёртае правіла талтэкаў лагічна выцякае з першага — старайцеся ўсё рабіць як найлепей. Ён нічога не рабіў па канец рук. Бадай, гэта пацвердзяць усе: і сябры яго, і тыя, хто яго не любіў.

Я не ідэалізую яго. Былі часы, калі мы лаяліся і ставіліся адно да аднаго паблажліва. Я лічыла яго рыгарыстычным і эксцэнтрычным, ягоная ўлюбчывасць і эратычнасць здаваліся мне гіпертрафаванымі. Ён ставіў мне ў віну легкадумнасць, абыякавасць, скрайні эгацэнтрызм, вясковую псіхалогію.

Усё гэта мінавала. Я своечасова зразумела: ён быў вельмі жарсным, эратычным, гарачым мужчынам, але пры тым у ім не было ні кроплі мізагініі.

Усіх жанчын у сваім жыцці Зміцер Саўка кахаў з усяе моцы, таксама, як ён і ўсё ў сваім жыцці рабіў. Мне была прыемная ягоная вітальнасць. Мы гаварылі пра гэта адкрыта, бо між намі якраз не было ні ценю амурнасці. Ніколі не пачула ад яго дрэннага слова пра жанчыну ці жанчын. Вы не ўяўляеце, якая гэта рэдкасць. Гэта такая ж рэдкасць, як дыяменты-самародкі ў беларускім балоце.

Зміцер Саўка вельмі любіў сваіх дзяцей і ганарыўся імі. Гэта была яго любасць і надзея, і ўсе чацвёра — цудоўныя. Як і ўсё, што ён пакінуў у гэтым свеце.

Для мяне была важная і ягоная знешняя прыгажосць. Ніколі не ўпусціла моманту сказаць: які ж ты прыўкрасны, Зміцер!

Я дзяліла яго на два Змітровыя перыяды — Зміцер тоўсты і Зміцер худы. Калі мы сустракаліся, я абдымала яго, і калі рукі недастаткова сыходзіліся на ягонай спіне, я казала: ах, які ты ўтульны. Апошнія гады ён быў зусім худзюткі, здавалася, маіх рук хопіць, каб абшчаперыць яго два разы. Затое праступіў ягоны прыўкрасны твар біблійнага прарока. Два твары было ў Змітра Саўкі: строгі, натхнёны, задуменны, горды, трохі дон-кіхоцкі, з гарачымі вачыма. І другі — з абаяльнай зайчыкавай усмешкай, з ямачкамі на шчоках і вясёлым бляскам вачэй. Мяккі голас з дзіцячым «р» стаіць увушшу.

Цмяна прыгадваю смешную гісторыю: на радыё «Рацыя» нехта з супрацоўнікаў з рогатам чытаў нейкі афіцыйны дакумент праверкі ці то пажарнікаў, ці то міліцыі. У дакуменце згадваўся прысутны на радзіве «Дмитрий Савко». Усталявалася недаўменнае маўчанне. Нехта ўражаны спытаўся: а хто ж гэта такі? Прайшло некалькі секунд напружанага роздуму, пакуль усе не выбухнулі рогатам: гэта ж Зміцер Саўка!

У дашчэнту зрусіфікаваным грамадстве ён паставіў сябе так, што ніяк не асацыяваўся з расейшчынай.

Я ніколі не чула ад яго ніводнай расейскай рэплікі — нідзе. Без пагарды, без штодзённай бойкі, без азлаблення ён гнуў сваю лінію. Упарты, як ледакол.

Я не веру, што нідзе ў свеце няма Змітра Саўкі. Такая асоба не знікае паводле самога закона захавання энергіі.

Зміцер, мой сябра, талтэк, прарок, моўнік, дон-кіхот і мушкецёр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?