Сусветнавядомы баец Віталь Гуркоў, які ў сакавіку чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па муай-тай, можа не паехаць на чэмпіянат свету, які стартуе 19 мая ў Швецыі.

«Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Федэрацыі на спартоўца, ад якога яны пазбавіліся з-за яго музычнай дзейнасці. Час ідзе, а яснасці няма. Ці нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам «Гуркову на чэмпіянат»?» — напісаў спартсмен у адкрытай суполцы ў Viber.

Нагадаем, што сёлета ў сакавіку баец, які таксама займаецца музыкай, прапусціў некалькі гастроляў у складзе гурту Brutto, вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Акурат на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусветнага першынства. Здавалася б, дзесяціразовы чэмпіён планеты і сусветная зорка муай-тай Віталь Гуркоў павінен быць адным з першых у спісе кандыдатаў на паездку ў Швецыю. 

Просім байца патлумачыць сітуацыю. Цягам гутаркі высвятляецца, што дзяржава ўжо не плаціць Заслужанаму майстру спорту зарплату.

«Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў зарплату, а да таго ж ведаў, што на мяне заўжды ёсць фінансаванне. Але некаторыя члены Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу вытравілі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат — пад пытаннем. Фінансаванне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытанняў перамог на чэмпіянаце Беларусі, хоць адпрацаваў акуратненька, каб зноў адчуць рынг і прадыхацца. Таму што пасля траўмы ў мяне баёў не было», — расказаў Гуркоў у інтэрв'ю Еўрарадыё.

Як жа атрымалася, што Гуркоў больш не стаіць на стаўцы ў Мінспорту?

«Афіцыйна я сышоў па згодзе бакоў, — тлумачыць Гуркоў. — Усё пачалося з таго часу, як я стаў выступаць у складзе Brutto. Спачатку гэта ўсім падабалася. Да таго ж, усе ведалі пра маю пазіцыю наконт прасоўвання беларускай мовы і ўдзелу ў культурным жыцці краіны. Падчас гастроляў я браў адпачынак па ўласным жаданні і выязджаў. Музычная дзейнасць не перашкодзіла мне перамагчы на чэмпіянаце Еўропы. Потым я чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі, павінен быў ехаць на чэмпіянат свету — 2015, але траўмаваўся. У той час змяніўся старшыня Федэрацыі муай-тай і кікбоксінга. Ім стаў генерал-маёр унутраных войск МУС Юрый Караеў, чалавек новы. Гэтым, напэўна, скарысталіся недобразычліўцы. На адным з пасяджэнняў Федэрацыі абмяркоўвалі артыкулы з разнастайных сайтаў. Быў там і мой фотаздымак з капай, на якой выяўлена «Пагоня». Сітуацыю выставілі так, што ў зборнай вораг, ледзьве не экстрэміст і апазіцыянер. Мяне доўга схілялі напісаць заяву па ўласным жаданні. Я гэтага не зрабіў. У выніку мы дамовіліся з Караевым, што я дапрацую да канца кантракта і сыду. У Мінспорту майму рашэнню былі шчыра здзіўленыя, прапаноўвалі застацца. Але рашэнне ўжо было прынятае. 

Віталь Гуркоў вымушаны быў пайсці на такі крок, бо яму сказалі, што не будуць падпісваць сацыяльных адпачынкаў і, такім чынам, ён не зможа выязджаць на канцэрты.

Віталь Гуркоў адзначае, што яму не аднойчы выказвалі прэтэнзіі за гістарычныя перапосты ў фэйсбуку. З галоўным трэнерам Сцяпанавым наконт гэтага была спрэчка. Яго пазіцыя такая, што ўсе мы савецкія людзі. Я рос ужо ў незалежнай Беларусі і савецкім чалавекам сябе не лічу. Другі момант, у прэзідыуме Федэрацыі з’явіліся незразумелыя людзі, якія, як мне стала вядома ад таго ж Сцяпанава, сочаць за маімі перасоўваннямі, манітораць інтэрнэт і збіраюць на мяне кампрамат. Чалавек, пра якога я кажу, спрабаваў дыскрэдытаваць мяне фотаздымкам з інтэрнэту, на якім бачная мая капа з «Пагоняй». У той жа час ён, лічу, не мае паняцця, што такое трэніровачны працэс і муай-тай. Чаму такіх людзей ставяць у кіраўніцтва Федэрацыі, не разумею. Але яны займаюць месца самых аўтарытэтных трэнераў, якія куюць вынік, для якіх муай-тай — гэта не пагуляцца, а жыццё. 

Сам Віталь Гуркоў лічыць, што нашы нацыянальныя сімвалы не трэба палітызаваць: «Яны належаць беларускаму народу, гэта частка нашай гісторыі. Такога меркавання прытрымліваецца, напэўна, кожны адэкватны чалавек. Нядаўна гэту тэму абмяркоўвалі нават у праграме «Клуб рэдактараў» па Першым нацыянальным. Канкрэтна мяне «Пагоня» матывуе, дапамагае перамагаць», — дадае Гуркоў.

Віталь Гуркоў лічыць сябе здольным перамагчы на наступным чэмпіянаце свету.

Што датычыць гурту Brutto, то нават падчас гастроляў я працягваю трэніровачны працэс і праводжу майстар-класы. «Калі я выходжу на рынг, значыцца, я ўпэўнены, што знаходжуся ў належнай форме», — кажа Гуркоў.

У сваю чаргу, галоўны трэнер зборнай беларускіх тайбаксёраў Міхаіл Сцяпанаў тлумачыць праблемы Гуркова тым, што ў алімпійскі год ёсць праблемы з фінансаваннем і таму вельмі пільна падыходзяць да пытання выбару ўдзельнікаў чэмпіянату свету.

«Мы адправім на чэмпіянат свету наймацнейшых. Віталь Гуркоў і трэніруецца, і спявае. Калі я пабачу яго на зборах, стане зразумела, ці ёсць сэнс везці яго на чэмпіянат свету. Мне не зусім спадабалася, як ён выступіў на чэмпіянаце Беларусі. Ён быў трошкі мацнейшы за другога нумара зборнай, але я не сказаў бы, што на галаву. Канчатковае рашэнне будзе прымаць прэзідыум Федэрацыі», — кажа Сцяпанаў.

Скандальную сітуацыю з выключэннем Гуркова са складу штатнай каманды тайбаксёраў трэнер тлумачыць асабістым выбарам байца і яго музычнай дзейнасцю ў гурце Brutto: «З ім была праведзена гутарка: выбірай, спортам будзеш займацца ці музыкай. Ніхто яго не вытравіў, ён сышоў сам. Да гэтага прапусціў чэмпіянат свету ў Тайландзе».

Адносна таго, што Гуркоў тады быў траўмаваны, Міхаіл Сцяпанаў адзначае: »Да нашага доктара ён не звяртаўся. А падчас чэмпіянату свету паехаў у Лондан скакаць з «Ляпісам Трубяцкім»» на сцэне» 

Варта адзначыць, аднак, што чэмпіянат праходзіў з 13 да 23 жніўня, а Гуркоў выступаў у Лондане праз два месяцы, 18 кастрычніка.

Зрэшты, сам чэмпіён запэўнівае, што перад чэмпіянатам свету-2015 праходзіў курс лячэння і мае ўсе медыцынскія дакументы. А для канцэрту ў Лондане напісаў заяву на адпачынак, якую завізіраваў той самы Міхаіл Сцяпанаў. 

Кіраўнік Федэрацыі Юрый Караеў і Міхаіл Сцяпанаў.

Кіраўнік Федэрацыі Юрый Караеў і Міхаіл Сцяпанаў.

У Мінспорту заявы Віталя Гуркова сталі нечаканасцю. 

Дакладна вядома, што ў дадзены момант Гуркоў уваходзіць у так званы пераменны склад зборнай. Уваходзіць у пастаянны склад ён не можа толькі таму, што не стаіць на стаўцы ў Мінспорту. 

«Пытанне толькі ў фінансах — удасца знайсці для Гуркова грошы на чэмпіянат свету ці не ўдасца», — адзначылі Еўрарадыё ў Мінспорту.

Бюджэт на паездку тайбаксёраў у Швецыю разлічваўся ў рублях. Ад таго часу наша валюта аслабла, а разлічвацца з арганізатарамі першынства трэба ў еўра. У тым ліку і таму грошай не хапае, тлумачаць у міністэрстве.

Акрамя таго, большасць сродкі кінутыя на Алімпіяду-2016. Муай-тай хоць і папулярны від спорту, але не ўваходзіць у алімпійскую праграму, таму Федэрацыя сутыкнулася з няпростай задачай знайсці поўнае фінансаванне на паездку нацыянальнай каманды.

Віталь Гуркоў — адзін з самых тытулаваных байцоў ва ўсёй гісторыі чэмпіянатаў свету па муай-тай. Ён таксама здабыў вялікую папулярнасць у грамадстве дзякуючы сваёй дзейнасці па падтрымцы нацыянальнай культуры і мовы.

«Цяпер не той момант, каб раздзяляць беларусаў на прыхільнікаў бел-чырвона-белага ці чырвона-зялёнага сцягоў. Трэба аб’ядноўвацца і разам вырашаць складанасці, з якімі сутыкнулася краіна. Тыя людзі, якія сёння беларусаў раз’ядноўваюць, па вялікім рахунку б’юць па суверэнітэце краіны», — кажа Гуркоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?