Разбагацець дзяўчыне дапамагла сацсетка Instagram і блог, прысвечаны модзе.

Часопіс Forbes уключыў ураджэнку Менска Крысціну Базан у спіс самых багатых людзей свету да 30 гадоў. За фотаздымкамі Крысціны Базан у Instagram сочаць за 2,3 млн падпісчыкаў. Такая папулярнасць у карыстачоў сеткі прывяла да таго, што з беларускай дзяўчынай сталі супрацоўнічаць люксавые брэнды, у тым ліку Louis Vuitton і Chopard. Яна стала знакамітасцю і зарабляе зараз мільёны еўра. Гераіню сацсетак з мадэльнай знешнасцю можна сустрэць на бале ў Рыяны і на вечарыне для сусветных зорак у Нью-Ёрку, паведамляе БелТА.

Крысціна распавядала ў адным з інтэрв'ю, што ў дзяцінстве яна жыла ў Мінску, а потым разам з сям'ёй пераехала ў Амерыку і адтуль у Швейцарыю. «Мая сям'я заўсёды кудысьці ездзіла, гаварыла на многіх мовах. Гэта ў мяне ў крыві», — дзялілася дзяўчына.

У 2011 годзе Крысціна Базан разам з фатографам Джэймсам Шардонам стварыла блог аб модзе Kayture. Блог хутка стаў працай, бо лік яго падпісчыкаў рос з касмічнай хуткасцю. Зараз у яе фотасесіі па ўсім свеце, таму Крысціна шмат падарожнічае.

Крысціна прызнаецца, што яна не любіць слова «блогер», бо яно прыніжае заслугі. На яе думку, любы можа націснуць кнопку ў інтэрнэце і завесці блог, але каб заявіць пра сябе ў індустрыі, трэба прыкласці куды больш высілкаў. Сапраўдны поспех прыходзіць да адзінак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0