Сяргей Каваленка, якога каля 10‑й раніцы 26 красавіка міліцыянты затрымалі зь бел‑чырвона‑белым сьцягам на вуліцы Леніна, заявіў хадайніцтва, каб судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў размаўляў зь ім па‑беларуску.

Замест гэтага судзьдзя вырашыў запрасіць да ўдзелу ў судовым працэсе перакладчыка.

Працяг працэсу над Сяргеем Каваленкам, адпушчаным з‑пад варты пасьля амаль двух сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня, прызначаны на 7 траўня.

Суд над яшчэ адным затрыманым за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, Аляксандрам Кузьняцовым, таксама адбудзецца пазьней.

Лідэра віцебскай «Моладзі БНФ» Аляксандра Кузьняцова затрымалі на ўзьбярэжжы Віцьбы ўвечары 26 красавіка і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Начальнік райаддзелу Андрэй Пракаповіч загадаў, каб да суду хлопца зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У ізалятары ў Аляксандра Кузьняцова ўзьняўся ціск, і ён некалькі разоў прасіў мэдычнай дапамогі. Паводле ягоных словаў, напачатку яму выклікалі «хуткую дапамогу» і завезьлі ў шпіталь, аднак калі прыступ паўтарыўся, новае патрабаваньне выклікаць мэдыкаў ахоўнікі расцанілі як спробу парушэньня рэжыму. Хлопец кажа, што яго трымалі ў кайданках і катавалі. Пра гэта ён зьбіраецца напісаць скаргу ў пракуратуру.

У суд Кастрычніцкага раёну Аляксандар Кузьняцоў паведаміў, што зьявіцца на судовы працэс, калі будзе пачувацца лепей. Дата суду пакуль не прызначана.

Радыё Свабода

Сайт Радыё Свабоды трэці дзень не працуе. Некаторыя матэрыялы калегаў-журналістаў мы перадрукоўваем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0