Пракурор Крыма Наталля Паклонская вынесла рашэнне аб прыпыненні дзейнасці меджліса крымскіх татараў. Копію дакумента апублікаваў у сваім фэйсбуку адвакат Джэміль Тэмішаў, які прадстаўляе інтарэсы меджліса ў судзе.

Reuters

Reuters

«Сёння мной было прынята рашэнне аб прыпыненні дзейнасці грамадскага аб'яднання «Меджліс крымска-татарскага народа» у мэтах недапушчэння парушэння федэральнага заканадаўства», — заявіла Паклонская агенцтву ТАСС.

У сваім рашэнні пракурор анексаванага Расіяй паўвострава спасылаецца на закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці».

«Сабранымі доказамі пацвярджаецца, што мэты і дзеянні згаданага грамадскага аб'яднання накіраваныя на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці», — гаворыцца ў апублікаваным Тэмішавым дакуменце.

У гутарцы з агенцтвам ТАСС адвакат заявіў, што Меджліс будзе абскарджваць рашэнне.

«Наш працэсуальны апанент, разумеючы, што судовыя перспектывы вынясення гэтага рашэння амаль нерэальныя, усё ж такі настойвае на прыпыненні дзейнасці такім вось шляхам. Вядома, мы гэта будзем абскарджваць», — сказаў ён.

Вярхоўны суд Крыма разглядае справу аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй меджліса крымскататарскага народа і забароне яго дзейнасці на тэрыторыі Расіі.

Прадстаўнікі арганізацыі лічаць суд палітычна матываваным і называюць працэс часткай рэпрэсій супраць крымскіх татараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0