Міністэрства абароны Арменіі заявіла, што ў ходзе баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху ў пачатку красавіка загінулі 92 чалавекі з армянскага боку.
«У перыяд баявых дзеянняў 2—5 красавіка на лініі судакранання загінулі 64 вайскоўцы і 13 добраахвотнікаў і апалчэнцаў», — цытуе ведамства «Інтэрфакс».
Небаявыя страты склалі 15 чалавек, з іх чацвёра былі мірнымі жыхарамі. Адзін вайсковец лічыцца зніклым без вестак.
3 красавіка ў Нагорным Карабаху аднавіліся актыўныя баявыя дзеянні. Арменія і Азербайджан ўсклалі адзін на аднаго адказнасць за абвастрэнне канфлікту. 5 красавіка бакі абвясцілі пра перамір'е, аднак рэгулярна вінавацяць адзін аднаго ў яго парушэнні.
Азербайджан прызнаў гібель 31 свайго вайскоўца, непрызнаная Нагорна-Карабахская рэспубліка паведаміла аб 32 загінулых са свайго боку. Бакі таксама паведамлялі пра ахвяраў сярод мірных жыхароў і сцвярджалі, што страты суперніка вылічаюцца сотнямі загінулых.