Турэцкія СМІ вельмі мала пішуць пра падрабязнасці сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі Аляксандра Лукашэнкі і Рэджэпа Эрдагана. Паведамляецца, што сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма і доўжылася гадзіну.

З сухіх паведамленняў інфармацыйных агенцтваў вынікае, што «бакі дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва, адкарэктаваць дарожную карту ўзаемаадносін». З беларускага боку на перамовах былі міністр замежных справаў Уладзімір Макей, пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных і прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Таксама Эрдаган сказаў, што гатовы наведаць Мінск.

Звяртае ўвагу той факт, што сустрэча адбывалася не ў рэзідэнцыі ці палацы, а на яхце Savarona. Прэзідэнты ў нязмушанай атмасферы каталіся па Басфору. Таксама на яхце прысутнічалі кіраўніцтва іншых краін – Азербайджана, Бахрэйна, Афганістана, Малайзіі, Камеруна, Афганістана, Босніі, Емена, Пакістана і іншых.

Яхта Savarona была пабудаваная ў 1931 годзе амерыканскай кампаніяй Gibbs & Cox. У 1938 яна была набытая для тагачаснага кіраўніка Турцыі Кемаля Атацюрка за 4 мільёны даляраў. Даўжыня яхты складае 124 метраў, шырыня – 16 метраў.

Потым яна была ў падпарадкаванні Турэцкай вайскова-марской акадэміі. У 1979 годзе на яхце адбыўся пажар. Дзяржава палічыла не вартым аднаўляць яе. Толькі праз 10 гадоў яе выкупіў бізнэсовец Кахраман Садыкаглу, які патраціў на аднаўленне яхты 40 мільёнаў даляраў.

Нейкі час яна ўвогуле пераўтварылася ў элітны бардэль, якім загадвалі выхадцы з былога СССР. Некалькі чалавек былі арыштаваныя па гэтай справе. Цана паслуг прастытутак за ноч дасягала да 10 тысяч даляраў. Толькі ў 2014 годзе яна зноў стала ўласнасцю дзяржавы, перайшоўшы ў падпарадкаванне Міністэрства культуры.

На Savarona ёсць басейн, турэцкая лазня хамам (на яе пайшло 65 тон мармуру), пазалочаная лесвіца, кінатэатр і бібліятэка. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?