Усё адбылося вечарам нядзелі 10 красавіка. Крыніца Onliner.by сцвярджае, што Аляксандр размаўляў з бацькамі ў 19:30, а ўжо ў 21:15 паступіў званок з часці і ім паведамілі пра смерць сына.

Таксама было сказана, што на апазнанні бацькі ўбачылі пакрытае гематомамі цела і траўмы галавы. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ў саміх сваякоў не ўдалося. Але факт смерці вайскоўца тэрміновай службы пацвердзілі адразу некалькі крыніц. У Міністэрстве абароны кажуць пра іншыя абставіны.

«Усе апісаныя вамі абставіны не адпавядаюць рэчаіснасці [пытанне стаяла аб траўмах і магчымым крымінальным аспекце]. Учынак вайскоўца не звязаны з праходжаннем ваеннай службы, — распавялі ў прэс-службе Мінабароны. — Таму з этычных меркаванняў мы ніякіх каментароў не даём».

Яшчэ адна крыніца распавяла, што сярод вайскоўцаў ходзіць версія пра самагубства:

«Нам расказалі, што хлопец павесіўся. Гэта было ніяк не звязана з выкананнем задач і абавязкаў або праходжаннем службы. Магчыма, асабістыя прычыны».

Аляксандр прызываўся з Маладзечна летась увосень. Службу праходзіў у войсках радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны ў Старых Дарогах. Учора адбылося пахаванне.

«Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці праводзіцца праверка па факце смерці вайскоўца тэрміновай службы, — распавёў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. — Адна з версій здарэння — суіцыд з-за праблем асабістага характару. Праведзены агляд месца здарэння, апытаныя службовыя асобы, вывучаюцца абставіны праходжання службы».

Таксама вывучаюцца асабістыя рэчы, сярод якіх мабільны тэлефон і перадсмяротная запіска. Прызначаныя экспертныя даследаванні, у тым ліку судова-медыцынская і почырказнаўчая экспертызы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?