14 красавіка прайшла сустрэча Святланы Алексіевіч з чытачамі ў Мінску. Улады далі дазвол на правядзенне спаткання ў Палацы Рэспублікі. Праўда, толькі ў малой зале і ў дзённы час (16:00). Зала была паўнюткая, не ўсе здолелі трапіць.

Фота Ірыны Арахоўскай.

Фота Ірыны Арахоўскай.

«Наша Ніва» занатавала самыя цікавыя рэчы, пра якія вялася гаворка.

Я думаю, мы такое яшчэ пабачым

«Мяне часта папракаюць, што ў маіх кнігах людзі вельмі прыгожа гавораць, што гэта напісаў аўтар. [Гэта таму, што] я заспяваю чалавека ў такі момант, шукаю чалавека ўзрушанага — ці каля смерці, ці ў стане кахання. Тады чалавек становіцца вышэйшым за сябе. У такія моманты ён самы добры, лепшым ужо не бывае.

Мне нядаўна ў маю кнігу пра каханне прапанавалі каханне Гарбачова. Але вы ведаеце? Не. Я ўсё ж не здраджу маленькаму чалавеку.

Але я пабачыла, што ўяўляюць сабой так званыя «вялікія» людзі, якія яны. Гэта як «дача Януковіча». Здаецца, што яны нешта неймавернае за гэтай аўрай улады, а потым вам як адкрыюць, як ён жыў… Вы пабачыце гэты залаты батон, прасціны з уласнымі партрэтамі… Я думаю, мы такое яшчэ пабачым [апладысменты і смех залы]. Вы проста ахнеце, наколькі гэта таксама малы чалавек».

Зло

«Маё шчасце, што многія рэчы я проста прапускала міма. Асабліва злосць, рэўнасць. Для мяне гэтага не існуе. Для мяне гэта цікава з інтэлектуальнага боку. Нават зло. А калі гэта на цёмным-банальным узроўні, то з маёй свядомасці гэта знікае».

Наш Вацлаў Гавэл і калектыўны Пуцін

«Алесь Адамовіч — гэта наш Вацлаў Гавэл. Мне здаецца, ён пасаваў на гэтую ролю. У яго быў такі еўрапейскі погляд на свет. Ён з любым чалавекам быў на роўных. Вось толькі ў Алесю Адамовічу я гэта бачыла. Калі б такі чалавек быў на чале, то гэта было б другое грамадства. Мы прайшлі б іншы шлях. Але з другога боку, вось дэманізуюць Пуціна, а насамрэч гаворка вядзецца пра калектыўнага Пуціна. Чалавек наверсе акумулюе тое, што схавана ў душы мільённых мас. Гэта адбылося і з намі. Адзін чалавек накрыў наш час. І мы ўсе апынуліся не там, дзе думалі».

Пакуты

«Страх робіць з людзей такую пакорную масу. Чаму нашы пакуты не канвертуюцца ў свабоду? Я не ведаю. Можа быць, пакуты, якія пачынаюцца яшчэ з майго любімага Дастаеўскага, у нас узнік культ асобы пакутаў. Пакуты і ў праваслаўі, і ў нашай літаратуры. Сапраўды, культ пакутаў. Мне здаецца, што пакуты карэжаць чалавека, тармозяць, ламаюць чалавека, пакуты змяншаюць чалавека. Старая спрэчка Салжаніцына і Шаламава, Салжаніцын лічыў, што пакуты ўзвышаюць чалавека, а Шаламаў казаў, што лагер разбэшчвае і ката, і ахвяру».

Моладзь і сацыяльныя сеткі

«Моладзь, як казаў пра іх Платонаў, — гэта свежы час. Яны на 40—50 гадоў маладзейшыя за цябе. Зусім іншыя людзі. У іх абсалютна свае каштоўнасці, поўны разрыў з савецкімі каштоўнасцямі, на якіх мы выраслі. І гэта не нацыянальныя каштоўнасці, да якіх мы не прыйшлі. Яны занятыя проста жыццём. І гэты культ прыватнага жыцця. Я спачатку ставілася да яго з пагардай. Але пасля зразумела, што гляджу на гэта не як мастак.

Прыватнае жыццё — гэта надзвычай цікава. Проста мы ім ніколі не жылі. А тут, аказваецца, тваё метафізічнае — гэта вельмі цікава. І каханне, і прыгажосць рэчаў, прыгажосць кватэры, жаданне паехаць у Егіпет. Радасць жыцця, сэнс жыцця не абавязкова чэрпаць з Маркса, ці Леніна, ці нейкіх нацыянальных адкрыццяў. Калі пачынаеш размаўляць з моладдзю, то ў іх гэта неўсвядомлена. Канечне, мы кажам пра айфоны, яны там у твітарах сядзяць, але я думаю, што гэта, калі я заходжу паглядзець гэты твітар, няўменне і страх перад гэтым жыццём, неразуменне, ці спроба ад нас адгарадзіцца. Мне вельмі цяжка выцягнуць адтуль сэнс».

Украіна

«Ва Украіне — не грамадзянская вайна. Яны ўсе адмаўляюць гэта. Кажуць, што без Расіі вырашылі, вырашылі інакш. Алігархату патрэбны смутны час, дзе можна рабіць свае цёмныя справы. Там ёсць што дзяліць, што не аддаваць. Мы маем справу з міфамі. Тэлебачанне стварае міфы. Тое, што кажа расійскае тэлебачанне — гэта злачынства. Я хачу, каб Украіна перамагла, яна скіраваная ў будучыню».

Пра чыноўнікаў

«Як я магу сур’ёзна ставіцца да міністра інфармацыі Ананіч, у якой пытаюцца, а чаму няма кніг Алексіевіч па-беларуску, а яна кажа, што ўсе правы ў рускага выдаўца. Калі ты кіруеш, то ты павінна ведаць, што рускага выдаўца хвалююць рускія правы, яму зусім не трэба беларускія.

Ці ў галоўнага рэдактара «Мастацкай літаратуры» пытаюцца, чаму няма кніг Алексіевіч, ён кажа: «Яна не прынесла рукапісаў». А калі прынясе? «Ведаеце, у нас 500 рукапісаў, на пяць гадоў».

Улада ж не існуе адна, сядзіць адзін чалавек, ёсць цэлы ланцужок».

Галоўныя праблемы Беларусі

«Праблема Чарнобыля стане перад намі. Калі ўлада акультурыцца, то гэта будзе галоўнай нашай праблемай. Гэта праблема на некалькі пакаленняў.

Нацыянальная праблема, натуральна, вельмі важная. Праблема мовы, літаратуры, культуры, каб мы сталі паўнавартаснай нацыяй. Ва Украіне ў савецкі час усе размаўлялі па-руску, а цяпер усе гавораць па-ўкраінску. Значыць, гэта можна. Можа нацыя зрабіць такі рывок. У нас з кім не сустрэнься — дактары, таксісты — усе разумныя, усе разумеюць. Але кожны сядзіць як крот у сваім кутку.

У нас не так шмат часу, каб рашыць гэтыя праблемы».

Ці магла б паклікаць на Плошчу?

«Гэта добра — Майдан, але мне бліжэйшыя Гандзі, пацыфізм. Ці магла б я заклікаць людзей на Плошчу? Сама б я пайшла, а дзяцей — не ведаю. Для мяне гэта вялікае пытанне. Калі б я пайшла, мне далі б па галаве, але на другі дзень выпусцілі. Але дзеці… Калі я пісала «Час сэканд-хэнд», то бачыла людзей, што з’язджаліся, плакалі пад мурамі [турмы — «НН»]. Я баюся, што ў нас усё можа быць. І Расія такая аграмадная, якая можа ўцягнуць нас у варонку. Украіну ніхто не пускае ў Еўропу, а хто нас адпусціць? Часы трывожныя. Але гэта не адмяняе адзінае наша жыццё. Трэба быць шчаслівым, трэба паспрабаваць».

Любоў

«Што такое каханне для мяне? Гэта такое суцяшэнне ад Бога, каб не страшна было паміраць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?