Учора вазіў дваіх нямецкіх гісторыкаў, Дыяну Зібэрт і Томаса Бона (Diana Siebert і Thomas Bohn) на Лінію Сталіна. Яны так папрасілі. Сам там ніколі не быў. Паглядзеў сайт, заўважыў прапанову пра анімацыйную праграму «Гітлер капут!», уявіў сябе як бы мы туды ўпісаліся. Жах.

Фота guvd.gov.by.

Фота guvd.gov.by.

Шчыра кажучы, чакаў убачыць чарговы савецкі мемарыял, але на самой справе ўсе не так. Уражвае агульны disorder. Былыя мемарыялы былі працягам казармы — савецкага аазісу чысціні і прымітыўнага разумення парадку, тут жа выстава ўзбраення (безліч танкаў, ракетаў, самалётаў) збольшага нагадвае звалку металалому. Хапае і смецця — пластыку з-пад піва — і ў БМПшках часоў афганскай вайны (якія, як я разумею, падаюць як нямецкую бранятэхніку) і, нават, у нешматлікіх аўтэнтычных капанірах.

Уражвае адсутнасць нейкай агульнай думкі, хаатычнасць, эклектыка: помнікі Сталіну і Жукаву на паркоўцы, праваслаўная цэркаўка, невядома дзеля чаго перавезеныя з-пад Баранавіч фрагменты польскіх фартыфікацыйных збудаванняў і абсалютна недарэчны ў гэтым кантэксце псеўдаэтнаграфічны сялянскі двор з сажалкай (!) і плывучым дамком на ёй для правядзення карпаратываў (!).

Самыя вялікія прасторы аддадзеныя пад дэкарацыі для вайсковых шоў-рэканструкцый. І ацалелым збудаванням мінскага умацаванага раёну, дарэчы, помніка гісторыі, адведзеная тая ж роля дэкарацый. Але, па вялікім рахунку, стваральнікам усяго гэтага трэба сказаць вялікі дзякуй, бо лепшай дэсакралізацыі Сталіна ўявіць сябе было б немагчыма.

Апафеоз — гэта гатэль (ці гасціны двор) «У Сталіна» з вялізным бюстам Леніна на падворку і запрашэннем на шашлыкі.

Увогуле гэта зусім не мемарыял савецкага ўзору. Там памяццю не гандлявалі. А тут усё на продаж. Гэта проста бізнэс, world of tanks у афлайне, атракцыён, гандаль відовішчамі і адчуваннямі (стрэл з кулямёта — 30 тысяч, катанне на танку — 2 мільёны). Гэта Jurassic-Stalin park, у якім Сталін не тыраназаўр і, нават, не раптар, а так — гандлёвы брэнд, спосаб прымазацца да нечага вядомага, кшталту шакаладных «яек» Моцарта, ці блявотнага брэндзі Napoleon. Словам, Коба-Сola. І туды яму і дарога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?