У Мінску прайшоў адзінаццаты Беларускі тыдзень моды. Беларускія мадэльеры і госці з сямі краін свету прадставілі свае калекцыі «prêt-a-porter» ды «prêt-a-porter de luxe».

«Prêt-a-porter» — вопратка, якую вядомыя мадэльеры ствараюць для масавай вытворчасці і прадаюць у крамах. Калекцыі prêt-a-porter з'яўляюцца асноўнай крыніцай прыбытку для модных дамоў ды дызайнераў.

«Prêt-a-porter de luxe» — наступны якасны і цэнавы ўзровень вопраткі, займае месца паміж масавымі калекцыямі «prêt-a-porter» і высокай модай «haute couture». Калекцыі ў гэтым стылі робяцца з больш дарагіх матэрыялаў, з больш складаным кроем і не заўсёды могуць быць скарыстаныя штодня. Мадэлі выпускаюцца абмежаванымі серыямі.

Тыдні моды праводзяцца двойчы на год, увесну і ўвосень, у самых розных гарадах і краінах ва ўсім свеце. Галоўнымі лічацца тыдні моды ў гарадах «вялікай чацвёркі»: Нью-Ёрку, Лондане, Мілане, Парыжы. Звычайна свае калекцыі паказваюць «мясцовыя» дызайнеры, але гэта не жорсткае правіла: прадстаўнікі з іншых краін таксама могуць браць удзел па запрашэнні арганізатараў. Удзел для дызайнераў платны і ў розных краінах мае розны кошт. На Беларускім тыдні моды гэта 1500 долараў.

Квіткі на тыдні моды традыцыйна не прадаюцца. Госці прыходзяць па запрашэннях арганізатараў і дызайнераў. На Беларускі тыдзень моды ўсё ж выдзяляецца па некалькі квіткоў на кожны паказ. Іх кошт складаў 200—300 тысяч рублёў. Большасць жа публікі складаюць патэнцыяльныя купцы і іншыя дзелавыя партнёры, журналісты і модныя блогеры, вядомыя медыя-персоны, сябры і сваякі ўдзельнікаў.

Сярод гасцей Беларускага тыдня моды былі заўважаны Алена Леўчанка, Ала Цупер, Ганна Бонд, Меліціна Станюта, Святлана Бароўская і шмат іншых.

Найвялікшая канцэнтрацыя «зорак» назіралася падчас паказу калекцыі Івана Айплатава, які запрасіў у якасці дэманстратараў сваіх мадэляў 10 вядомых мужчын беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

Звычайна вясеннія тыдні моды дэманструюць модныя накірункі на наступныя восень і зіму, а асеннія — на вясну і лета. Гэтак робіцца для таго, каб прадаўцы адзення («баеры») паспелі выбраць і замовіць тое, што яны збіраюцца прапанаваць сваім пакупнікам, а вытворцы паспелі «адшыць» неабходную колькасць мадэляў.

Баерамі на Беларускіх тыднях моды з’яўляюцца мясцовыя гандлёвыя арганізацыі, а таксама спецыялісты з краін Балтыі, Расіі і Украіны.

Рэчы з тых калекцый, якія ўдзельнічаюць у Беларускім тыдні моды, звычайна можна набыць непасрэдна ў стваральнікаў, большасць з іх мае свае старонкі ў інтэрнэце і сацыяльных сетках.

Часта мадэльеры выстаўляюць іх да продажу на спецыяльных выставах кшталту «Вялікі модны маркет» і ў шоў-румах.

Line_A

Асноўны подыум адзінаццатага сезона Беларускага тыдня моды прадставілі чатырнаццаць беларускіх дызайнераў. Іх бачанне таго, як нам варта апранацца наступнай восенню і зімой, глядзіце ў фотах.

Марка Line_A за аснову сваіх калекцый бярэ жаноцкасць, элегантнасць і класіку. Гэта адзенне для ўпэўненых жанчын вялікага горада.

Усе фота прадстаўленыя арганізатарамі Беларускага тыдня моды.

Усе фота прадстаўленыя арганізатарамі Беларускага тыдня моды.

Leorgofman

Вядомы беларускі брэнд Leorgofman запрашае смелых дзяўчат у вандроўку па афрыканскай саванне. Дызайнер прапануе класічныя сілуэты і яркія аплікацыі.

Boitsik

Ірына Бойцік, дызайнерка брэнда Boitsik, звярнулася да цёмна-сініх колераў з яркімі акцэнтамі. Калекцыя пабудавана на гульні фактур тканіны: спалучэннях воўны, віскозы, арганзы, махеру.

Tarakanova

Дацэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Людміла Тараканава выпускае ўласную лінію вопраткі пад брэндам Tarakanova. Пасля двухгадовага перапынку дызайнерка трыумфальна вярнулася ў моду з калекцыяй «Рэвалюцыя». Яна прапануе вярнуць у мужчынскі гардэроб сукенкі ды спадніцы. Як прызналася сама Людміла Тараканава, у гэтай калекцыі можна знайсці вобразы Сталыпіна, Крупскай, Керанскага і іншых дзеячаў таго часу.

Candy Lady

Заснавальнік брэнда Candy Lady былая тэнісістка Вольга Барабаншчыкава прэзентавала калекцыю «Адценні шчасця». За аснову Вольга ўзяла каляровую палоску, такім чынам паказала, што жыццё для яе складаецца не толькі з чорнага і белага колераў.

Navy

З брэндам Navy звычайна працуюць розныя дызайнеры, іх імёны не раскрываюцца. Вядома, што ў стварэнні сёлетняй калекцыі ўзяў удзел дызайнер з В’етнама. Стваральнікі імкнуліся візуалізаваць шум мора.

Тon-in-ton

Марка Тon-in-ton традыцыйна прапанавала беларускам трыкатажную калекцыю. Яна прысвечаная Мінску і мінчукам.

Алёна Гарэцкая

Правобразам калекцыі Алёны Гарэцкай сталі дзяўчаты 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Дызайнерка прапануе скарыстоўваць у штодзённых вобразах пер’е, каменне, дэкаратыўныя кветкі і ўдала спалучае кашэмір і шоўк.

Юлія Бабій

Калекцыя дызайнеркі вопраткі з архітэктурнай адукацыяй Юліі Бабій прысвечана смеласці — смеласці быць сабой. Мадэлі вылучаюцца выразнымі сілуэтнымі лініямі і складанымі колерамі.

Harydavets & Efremova

Дызайнеры брэнда Harydavets & Efremova прапануюць свае вырабы людзям, якія ўпэўненыя ў сабе і ставяцца да моды з пэўнай іроніяй.

Davidova

Калекцыя Марыны Давыдавай (брэнд Davidova) вяртае ў маленства. Дызайнерка звяртаецца да тэмы лялькі і яркіх колераў.

Іван Айплатаў

Іван Айплатаў стварыў са свайго паказу сапраўднае канферансье-шоу. Для дэманстрацыі мадэляў ён запрасіў дзесяць вядомых беларускіх вядоўцаў. Кожны вобраз распрацоўваўся, сыходзячы з індывідуальнасці і характару героя, які яго дэманструе.

Hunkemöller

Галандскі вытворца бялізны Hunkemöller, які афіцыйна прадстаўлены ў Беларусі, таксама паказаў сваю калекцыю мінскай публіцы. Брэнд прадстаўляе лінейкі бялізны для розных нагод і розных бюджэтаў.

Вольга Кардаш

Завяршальным паказам Беларускага тыдня моды стала калекцыя Вольгі Кардаш. Як кажа аўтарка, яе адзенне ілюструе казку, у якой мараць жыць дзяўчаты, якія не вераць у казкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?