16.04.2016 / 06:51

Паўстанцы, мастакі ды катаржане на фотах з унікальнага альбома Ромэра 10

У гарадзенскім Музеі гісторыі рэлігіі ўпершыню выставілі здымкі з калекцыі малавядомага мастака і паўстанца.

На пачатку 1980-х, калі музей толькі ствараўся, нікому невядомы жыхар мястэчка Лунна на Мастоўшчыне прынёс супрацоўнікам альбом, поўны пажаўцелых фотаздымкаў, гравюраў і акварэляў. На вокладцы альбома красаваліся таямнічыя літары: AR. Доўгі час альбом ляжаў у музейных запасніках, пакуль навукоўцы не ўзяліся за яго вывучэнне…

Лацінскія літары аказаліся ініцыяламі Альфрэда Ромэра — жывапісца, скульптара ды інсургента часоў Паўстання 1863 года. Прозвішча Ромэра не дарма гучыць на нямецкі манер: ягоны род быў вядомы ў Саксоніі яшчэ ў XV ст. Сам Альфрэд нарадзіўся ў Вільні ў 1832-м, браў урокі жывапісу ў мастака Канута Русецкага.

За падрыхтоўку Паўстання 1863 года Ромэр трапіў у Дынабургскую крэпасць (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе адбывалі зняволенне і іншыя інсургенты. Пасля вызвалення ў 1865-м шмат падарожнічаў па Нямеччыне, Францыі, Італіі, дзе пазнаёміўся з тагачаснымі мэтрамі выяўленчага мастацтва.

Сам мастак паспеў адліць каля 40 медалёў з выявамі знакамітых сучаснікаў, распісваў цэрквы і касцёлы, друкаваў навуковыя працы па гісторыі мастацтва, у тым ліку даследаваў гісторыю слуцкіх паясоў. Большая частка спадчыны Ромэра загінула ў пажарышчах шматлікіх войнаў або была вывезеная за мяжу. Яго імя ў Беларусі зараз вядомае вузкаму колу спецыялістаў…

Улічваючы гэтыя абставіны, знойдзены альбом — гэта сапраўдны скарб. На здымках з яго мы бачым сяброў і знаёмых уладальніка: творчую і навуковую эліту былой Рэчы Паспалітай, егіптолагаў і еўрапейскіх мастакоў-баталістаў, паўстанцаў-вязняў Дынабургскай фартэцыі ды катаржан, якія акурат вярнуліся з Сібіры.

Выстава паказвае далёка не ўвесь «Архіў Ромэра»: сюды не ўвайшлі гравюры ды частка здымкаў на паляўнічую тэматыку (Ромэр быў апантаным паляўнічым). На нешта не хапіла месца, а вось выявы мёртвых жывёлаў дырэкцыя чамусьці палічыла «негуманнымі».

Сяргей Казуля — куратар выставы.

Як спадзяецца супрацоўнік музея і аўтар выставы Сяргей Казуля, калі «зоркі сыдуцца», калекцыю можна будзе неўзабаве выдаць у выглядзе паўнавартаснага альбома.

Алесь Кіркевіч, фота АС

0
Зміцер Вінаградаў, г.Мядзел / Адказаць
16.04.2016 / 07:56
Дарэчы, Альфрэд Ромэр пакінуў добры след на Мядзельшчыне і Пастаўшчыне! Вывучэннем жыцця і творчасці А.Ромэра займаюцца мастак Алесь Цыркуноў і краязнаўца з Мядзельскага раёна Іван Пятровіч Драўніцкі.Ёсць шмат цікавай інфармацыі.
0
Міхась / Адказаць
16.04.2016 / 12:45
Усе подпісы на ілюстрацыях зроблены былі на польскай мове. Хай на гэта звернуць увагу тыя, што ўвесь час талдычыць, нібыта паўстанне было беларусікм.
0
Валацуга / Адказаць
16.04.2016 / 12:58
Вельмі цікава.А ці экспазіцыя пастаянная будзе ці часовая? Я б з задавальненьнем паглядзеў,але у Гародні буду толькі праз некалькі месяцаў.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру