Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2014 год, каля 60% беларусаў ва ўзросце ад шасці гадоў карысталіся Інтэрнэтам. Байнэт сёння прапаноўвае сайты на любы густ. А хто памятае, як ён выглядаў усяго 15 гадоў таму, у канцы 90-х і пачатку 2000-х, калі колькасць карыстальнікаў Інтэрнэта не перавышала 2% ад насельніцтва Беларусі?

Сайт Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. 2 кастрычніка 1999 г.

На сайце, які меў вельмі сціплы дызайн, можна было знайсці самую асноўную інфармацыю па дзейнасці прэзідэнта Беларусі і розных міністэрстваў. Была спецыяльная форма пакінуць каментар. Беларускамоўнай версіі не было.

Шырока асвятлялася тэма НАТАўскіх бамбаванняў Югаславіі.

Сайт меў асобны раздзел «Беларусь і Расія», прысвечаны так званай Саюзнай дзяржаве. Тут нават змяшчаўся форум, «посвященный дальнейшему единению Беларуси и России».

На форуме можна было пабачыць цікавыя каментары, накшталт «Калі грамадзяне Расіі і Беларусі маюць роўныя правы, то чаму б Лукашэнка не высунуць сваю кандыдатуру на бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары ў Расіі? Я б прагаласаваў «за»» ад Вадзіма Бондара з Расіі.

А Ricardas Savukynas з Літвы заклікаў браць прыклад з Беларусі, бо «у Літве праводзяць няправільную эканамічную палітыку».

Радыё Свабода. 11 мая 2000 г.

Нягледзячы на просты дызайн, сайт беларускай службы «Радыё Свабода» быў даволі функцыянальным для тых часоў. Акрамя стужкі з навінамі, можна было знайсці розныя тэматычныя рубрыкі і праслухаць аўдыё-архіў перадач.

11 мая 2000 г. галоўнымі навінамі былі:

1. «Наша Ніва» аспрэчвала папярэджанне, вынесенае Дзяржаўным камітэтам у справах друку.

2. Крымінальная справа супраць Міколы Статкевіча за арганізацыю беспарадкаў.

3. Спыненне справы заступніка старшыні БНФ.

Як бачым, сайт істотна змяніўся за апошнія 16 гадоў, але тэматыка навін за 2000 год мала адрозніваецца ад навін 2016 года.

TUT.BY. 6 снежня 2000 г.

На той момант сайт быў не самым зручным, аднак даволі функцыянальным. На рэсурсе было шмат тэматычных разделаў, прысутнічала опцыя пошуку па цэнах на камп'ютары ў Мінску.

На пачатку снежня 2000 г. TUT.BY меў 14 тысяч карыстальнікаў паштовага сервісу і 150 тысяч праглядаў тытульнай старонкі.

Onliner.by. 3 сакавіка 2001 г.

Сайт з’явіўся ў 2001 годзе і ўяўляў сабой блог з форумам. Тут можна было знайсці інфармацыю пра апошнія навінкі мабільнай сувязі, водгукі пра мабільных аператараў (на той момант — Belcel і Velcom) і гэтак далей.

Ужо пазней на сайце пачала з’яўляцца інфармацыя пра камп'ютарныя камплектуючыя.

Белтэлекам. 20 мая 2000 г.

Сайт нацыянальнага аператара электрасувязі нагадвае нам пра часы гіперінфляцыі, калі тарыфы на тавары і паслугі змяняліся з неймавернай хуткасцю: «З 16 мая ў сувязі з інфляцыйнымі працэсамі, якія працягваюцца, павялічыліся тарыфы паслугі электрасувязі».

Акавіта. 6 сакавіка 2000 г.

Сістэма рэйтынгу беларускіх сайтаў «Акавіта» была створана ў 1999 годзе Фёдарам Караленкам. У свеце на той момант было толькі некалькі падобных рэсурсаў. Згодна з інфармацыяй на сайце, «Акавіта» займалася «класіфікацыяй, рэйтынгам і статыстыкай крывіцкіх Web-сайтаў».

Гурт N.R.M.

Энэрэмаўцы былі адным з нешматлікіх гуртоў, хто тады меў уласную старонку ў Сеціве. З 1999 года на сайце з’яўляліся навіны, абнаўлялася дыскаграфія, фотагалерэя, быў даволі актыўны форум.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. 5 чэрвеня 2004 г.

Гэты сайт з’явіўся пазней за апісаныя вышэй — толькі ў 2004 годзе.

Цікавы той факт, што за 12 гадоў існавання выгляд сайта не змяніўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?