15.04.2016 / 18:13

Ірына Халіп: Гэта будзе наша перамога, народная 22

А давайце прадставім, што Джоні Вайсмюлеру прапанавалі сыграць Тарзана не ў 1932 годзе, а чатырма гадамі раней, у росквіце яго спартыўнай кар'еры. А тамтэйшая федэрацыя плавання кажа: не, Джоні, або плыві — або здымайся. Станеш Тарзанам — у басейн больш не прыходзь, і пляваць нам на ўсе твае рэкорды і медалі.

Праз паўстагоддзя федэрацыя бодзібілдынгу забараняе Арнольду Шварцэнэгеру здымацца ў кіно. А потым і Абама патрабуе ад галівудскіх студый не мець нічога агульнага з Тэрмінатарам, таму што Шварцэнэгер — рэспубліканец, а кіруючая партыя — дэмакратычная.

Ну добра, Амерыка далёка, на другім баку зямнога шара. Давайце паспрабуем уявіць тое ж самае ў Еўропе, мы ж яе неад'емная, кажуць, частка. Джэйсана Стэйтэма выключаюць з нацыянальнай зборнай Вялікабрытаніі па скачках у ваду за тое, што ў вольны час працуе ў вулічным тэатры. А ўжо пасля здымак у Гая Рычы ў «Картах, грошах, двух ствалах» і наогул робяць грамадскую вымову падчас таварыскага суду. Французскаму футбалісту Марыюсу Трэзору, які выпусціў музычны альбом у стылі рэгі, выразна тлумачаць, што песенькі спяваць і ў футбол гуляць — несумяшчальна, і трэба вызначыцца: ці ты па сцэне скачаш, або забіваеш галы на карысць Радзімы. Іншага французскага футбаліста Эрыка Кантана наогул з ганьбай выганяюць з поля за здымкі ў фільме «Каханне ў лугах».

Бязглуздзіца? Вядома, бязглуздзіца — для ўсяго свету. А для нас з вамі — паўсядзённае жыццё. Дзесяціразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў аказаўся дэ-факта выгнаны са зборнай, пазбаўлены кантракту з міністэрствам спорту і, нягледзячы на нядаўнюю перамогу на чэмпіянаце Еўропы і «свежае» чэмпіёнства Беларусі, цяпер можа ехаць на сусветнае першынство выключна як прыватная асоба.

Дзяржава больш не фінансуе выбітнага спартсмена. Яму паказалі яго месца: трэба было не з забароненым Міхалком выступаць, а з дарагім Аляксандрам Рыгоравічам на суботніку бетон мяшаць. Прагматычныя спартсмены так і паступаюць: 15 хвілін ганьбы — і з фінансаваннем усё ў парадку, і ўчастак у Драздах, і шчаснае спакойнае жыццё наперадзе.

Не захацеў прыкінуцца бетонамяшалкай перад тэлекамерамі — не будзе табе ні Драздоў, ні чэмпіянатаў. Пачаў спяваць у нядобранадзейным гурце Brutto — забудзь пра спаборніцтвы, валі на свае гастролі. Ну добра ў «Сябры» б пайшоў або да Ціхановіча на падтанцоўку — спартыўныя чыноўнікі самі б на канцэрты хадзілі і адзін аднаго локцямі штурхалі: «Наш вось, наш — які, а? Трэба яму грошыкаў падкінуць на канцэртныя касцюмы, каб федэрацыю не ганіў». Але спяваць з Міхалком?! Прэч з нашага стэрыльнага спорту!

Яны, гэтыя чыноўнікі са стэрыльнымі мазгамі, адпрасаванымі да бляску, каб ні адной звіліны, ніводнай шурпатасці, не могуць зразумець самую простую ў свеце рэч. Спорт — гэта найлепшы метад пазнавання краіны ў свеце.

Вядома, ЗША ці Англіі ўжо не трэба нікому тлумачыць, дзе яны знаходзяцца. Але для былых савецкіх рэспублік, як і для ўсіх маладых дзяржаў, распазнаванне ў свеце вельмі важнае. І першы памочнік у гэтым прарыве — спорт.

Напэўна кожны з нас за мяжой сутыкаўся з неразуменнем: «Беларусь? А што гэта? А дзе гэта? Гэта частка Расіі?» Станіслаў Шушкевіч распавядаў, як падчас свайго афіцыйнага візіту ў ЗША ўсюды цягаў з сабой поліэтыленавы пакет з картай Беларусі. На гэтай карце былі пазначаныя суседнія дзяржавы, і на ўсіх сустрэчах, дзе суразмоўцы пакутліва спрабавалі зразумець, з якой Кракозіі прыехаў гэты чалавек, Шушкевіч тут жа падсоўваў пакет: вось, глядзіце. Амерыканцы глядзелі і казалі: «А, цяпер зразумела. Ды ў вашай краіны выдатныя перспектывы — такое выгаднае становішча!»

Праз некалькі гадоў беларусам за мяжой ужо можна было абыходзіцца без пакетаў. Таму што здзіўленне «Беларусь? А што гэта?» змянялася паступовым пазнаваннем: «Беларусь?.. Ах так, «БАТЭ»!» Або «О-о, Аляксандр Глеб!» Так што менавіта спартсмены працавалі сістэмай распазнання нашай краіны.

І чым ярчэйшая асоба спартсмена — тым больш цікавая свету краіна. А беларускія спартыўныя чыноўнікі шчыра лічаць, што спартсмен павінен быць тупым і паслухмяным — такім жа, як яны самі.

Ці варта дзівіцца таму, што Віталь Гуркоў для іх — нешта накшталт іншапланецяніна? Спорт, рок, Міхалок. Ды яшчэ і раствор на суботніку не месіць. Не-а, не наш чалавек, падазроны. Таго і глядзі, з «Пагоняй» на рынг выйдзе. Ад такіх трэба пазбаўляцца. Піва — толькі сябрам прафсаюза, сусветныя першынствы — толькі сябрам БРСМ.

Тры тысячы еўра на паездку Гуркова на чэмпіянат свету збіралі ў Інтэрнэце пад лозунгам «Народны чэмпіён». І сабралі за суткі. Была б сума большай — справіліся б за тыдзень. У беларусаў даўно ўжо ёсць усе неабходныя навыкі і досвед. У інтэрнэце збіраюць грошы на лячэнне хворых дзяцей, на дапамогу інвалідам і малазабяспечаным, дзеляцца адзеннем для шматдзетных сем'яў і адзінокіх старых, купляюць падарункі для дзіцячых дамоў, знаходзяць гаспадароў для бяздомных жывёл. Так што для нас сабраць тры тысячы для праекту «Народны чэмпіён», калі мы ўсе адно для аднаго — народны сабес, народная аптэка, народная бібліятэка, народны банк? Самі робім тое, што ва ўсім свеце робіць дзяржава, і спраўляемся, пакуль гэтая смярдзючая, потная, атлусцелая дзяржава скупляе гадзіннікі і асабнякі і віскліва рагоча над лохам-народам.

Віталь Гуркоў зараз ужо сапраўды паедзе на чэмпіянат свету. Веру, што ён пераможа. Але гэта будзе ўжо не іх чыноўніцкая перамога, не іх радасць, не іх галачка ў справаздачы. Гэта будзе наша перамога — народная, як ні круці.

Так што хай былыя вертухаі, якія сёння ўзначальваюць спартовыя федэрацыі, не свідруюць дзірачкі ў лацканах для новых узнагарод. Яны тут ні пры чым. Без смаркатых абышліся.

0
варш / Адказаць
15.04.2016 / 18:16
давайдосвидания
0
1 / Адказаць
15.04.2016 / 18:32
Последнее предложение-ужасно.
0
Я Твая / Адказаць
15.04.2016 / 18:33
ваша перамога засталася ў 2010
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру