Завершанае следства па крымінальнай справе намесніка генеральнага дырэктара кампаніі «Трайпл» Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека, паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.
«Следства завершанае. Абвінавачаныя і іх абаронцы знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы», — сказаў Пабяржын.
Паводле яго слоў, Уладзімір і Казбек Япрынцавы абвінавачваюцца на падставе часткі 4 артыкула 209 КК (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Цяпер абодва абвінавачаныя знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.
Інфармацыя аб затрыманні Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека з'явілася ў жніўні мінулага года, але пацвердзілася толькі ў снежні. Вядома, што на момант арышту Япрынцаў-старэйшы быў кіраўніком федэрацый самба і дзюдо.
У сакавіку гэтага года кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці Уладзіміра Япрынцава ў ведамства летам мінулага года звярнуўся кіраўнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж і два яго расійскія партнёры.
Падчас расследавання было выяўленае ўхіленне ад выплаты падаткаў у «Трайпле», да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтаму апынуліся ў распараджэнні КДБ 11 сакавіка. Зараз бізнесмен таксама ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА КДБ паводле абвінавачання ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).
ТАА «Трайпл» заснаванае ў 1992 годзе як фірма па аптовым гандлі прамысловымі і харчовымі таварамі. У далейшым кампанія вырасла ў шматпрофільную групу. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце «Трайпла», кампанія працуе ў наступных сферах: будаўніцтва; рытэйл; рэстараны і кафэ; развіццё сеткі АЗС; велнес; вытворчасць безалкагольных напояў і інш.