Расійскі знішчальнік Су-27 ажыццявіў перахоп выведвальнага самалёта ВПС ЗША RC-135 у небе над Балтыйскім морам, паведаміў прадстаўнік Еўрапейскага камандавання ўзброеных сіл ЗША Дэні Эрнандэс амерыканскім СМІ.

«14 красавіка самалёт RC-135 амерыканскіх ВПС, які выконваў планавы пералёт у міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам, быў перахоплены расійскім Су-27 у небяспечнай і непрафесійнай форме», — цытуе Fox News выступ Эрнандэса.

Паводле яго слоў, самалёт таксама здзяйсняў бязладныя і агрэсіўныя манеўры.

«Небяспечныя і непрафесійныя дзеянні аднаго пілота могуць прывесці да непатрэбнай эскалацыі напружанасці паміж краінамі», — прыводзіць тэлеканал CNN словы Эрнандэса.

Адзначаецца, што перахоп адбыўся неўзабаве пасля таго, як расійскія Су-24 на працягу некалькіх дзён занадта блізка, на думку Пентагона, падляталі да карабля «Дональд Кук» у міжнародных водах Балтыкі.

Тады еўрапейскае камандаванне ўзброеных сіл ЗША выпусціла заяву, у якой выказвалася «глыбокая занепакоенасць» з нагоды «небяспечных і непрафесійных расійскіх паветраных манеўраў».

У расійскім мінабароны ў адказ заявілі, што ўсе палёты выконваюцца ў строгай адпаведнасці з міжнароднымі правіламі выкарыстання паветранай прасторы над нейтральнымі водамі.

Прадстаўнік расійскага ведамства ахарактарызаваў рэакцыю ЗША як хваравітую — пры тым, што, паводле яго слоў, «прынцып свабоды суднаходства эсмінца ВМС ЗША зусім не адмяняе прынцып свабоды паветраплавання расійскіх паветраных судоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?