Па меншай меры 77 чалавек загінулі і 600 пацярпелі ў выніку землятрусу ў Эквадоры, паведамляюць інфармагенцтвы.

Reuters

Reuters

Землятрус магнітудай 7,8 адбыўся ў ноч на 17 красавіка ля берагоў Эквадора. Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся ў 14 км на паўночны захад ад горада Педэрналес. Ачаг стыхіі залягаў на глыбіні 10 км.

Землятрус знішчыў вялікую колькасць будынкаў, у тым ліку і жылых дамоў у прыбярэжных рэгіёнах. У многіх раёнах адсутнічае электрычнасць і водазабеспячэнне, назіраюцца перабоі з сувяззю. У правінцыі, пацярпелыя ад удару стыхіі, накіравана 10 тысяч вайскоўцаў і 3,5 тысячы паліцыянтаў. Спецыялісты працуюць над ліквідацыяй наступстваў землятрусу, вядуць разбор завалаў і рамантуюць лініі электраперадачы. У краіне аб'яўлены рэжым надзвычайнага становішча.

Як паведамляе МЗС Беларусі, беларусаў сярод пацярпелых ад землятрусу ў Эквадоры няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0