Футбольны клуб БАТЭ ў вершаванай форме адказаў на прапановы аб выкарыстанні беларускай мовы. Запыт даслаў Ігар Случак, арганізатар кампаніі «Справаводства па-беларуску». Яму адказаў генеральны сакратар БАТЭ Андрэй Вашкевіч.

* * *

Шаноўны Iгар! 

У першую чаргу, 

Вялiкi дзякуй Вам за вiншаваннi! 

Зiмовую маркоту і тугу 

Мы гналi ад сябе падчас чакання 

Сезона новага. Нарэшце, вось i ён 

Пагрукаўся i ў нашае акенца! 

I клуб наш — шматразовы чэмпiён — 

Ужо адчынiў сваёй»Арэны» сенцы. 

I Ваш зварот — вясновая прыкмета — 

Прыйшоў да нас ужо ў чацвёрты раз. 

Канешне, мы ўдзячныя за гэта 

I пiшам Вам чарговы наш адказ.

 

Над ужываннем роднай мовы нашай 

Мы ўсе ў БАТЭ працуем кожны дзень 

Стараецца i Валадзько наш Саша, 

Стараецца i Лiхтаровiч-Дзед. 

У Дудзiнцы — толькi «ранiца», не «утро». 

У Дудзiнцы не «арбуз» якi — «кавун»! 

I хутка скажа «Смачна есцi!»Дубра, 

I «Дзякую!» адкажа наш Мiлун. 

Не ўсё так проста, але не сумуем, 

I спадзяемся, будзе толькi лепш. 

Мы мовай карыстаемся, працуем, 

Пакуль не iдэальна, не, але ж…

 

На форме мова ў Лiзе чэмпiёнаў, 

У сацсетках нашых мова часцяком. 

Прафесар наш, Вiталька Радзiвонаў, — 

Ён мовы правадыр у кожны дом. 

Наш шчыры дзякуй Вам за прапановы, 

Iх будзем усебакова разглядаць. 

Барысаўшчына — край народнай мовы, 

Яе тут прагнуць людзi зберагаць. 

Напрыканцы жадаем вам здароўя — 

Яго ж анi купiць, нi намяняць 

(Вы ж разумееце: калi ўжо Дэвiд Боўi… 

Дык што тады яшчэ пра нас казаць?).

 

Жадаем мiру блiзкiм, шчасця ў хату, 

У гарбаце цукру, у гаманцы — лавэ! 

Наступным годам Ваш чакаем пяты 

Зварот да клуба. 

Шчыра Ваш, А.В.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0