Вярхоўны суд 18 красавіка прыняў рашэнне не задавальняць скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэта партыі Дзяніс Садоўскі.

Палітык назваў рашэнне чаканым. «Мы не спадзяваліся на справядлівы разгляд скаргі, бо нас не рэгістравалі ўжо больш за 20 разоў, — сказаў ён. — Зразумела, што рашэнне аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі БХД з'яўляецца палітычным і прымаецца на самым версе. Супраць яго чыноўнікі і суддзі ісці не рашаюцца. Мы падавалі скаргу, каб паказаць сваю нязгоду і палітычныя матывы нерэгістрацыі БХД».

Садоўскі таксама паведаміў, што БХД мае намер працягнуць сваю працу ў статусе аргкамітэта, пакуль ажыццяўляць новую спробу рэгістрацыі не плануе. «На гэты момант у краіне нічога не мяняецца, улады ў пытанні рэгістрацыі палітычных партый знаходзяцца на ранейшых пазіцыях. Таму марнаваць час на чарговую спробу рэгістрацыі ў найбліжэйшыя пару гадоў мы не будзем, калi толькi не будзе кардынальных змен і не з'явяцца рэальныя шансы на рэгістрацыю», — сказаў Садоўскі.

Устаноўчы з'езд БХД адбыўся 12 снежня 2015 года ў Мінску. На думку Мінюста, пры стварэнні арганізацыі «былі дапушчаны грубыя парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь». Як паведамляў сайт Мінюста, «у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзян, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі аб тым, што не маюць да партыі ніякага дачынення і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў. Асобныя грамадзяне ў спісе заснавальнікаў былі ўказаны неаднаразова, а ў дачыненні да шэрагу іншых заснавальнікаў партыі былі пазначаны не адпаведныя рэчаіснасці звесткі». Аргкамітэт, заявілі ў Мінюсце, парушыў таксама патрабаванне аб тым, што ў якасці заснавальнікаў палітычнай партыі маюць права выступаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Аргкамітэту БХД адмоўлена ў рэгістрацыі партыі шэсць разоў. Першы ўстаноўчы з'езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зроблена ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з'езд адбыўся 13 чэрвеня 2015 года. Адзначым, што хрысціянскія дэмакраты Беларусі не аднойчы спрабавалі зарэгістравацца таксама ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў.

Раней хрысціянскія дэмакраты заяўлялі пра намер падаць заяўку на ўключэнне ў Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці адмоў у рэгістрацыі.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв'ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, «верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная». «Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?