Юбілейны тыдзень у гонар 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі пачаўся ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Акцыя праходзіць з 18 па 24 красавіка. «У фондах Беларускага радыё захоўваецца нямала мастацкіх работ па матывах твораў Змітрака Бядулі», — адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі.

На гэтым тыдні ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць: у панядзелак — радыёпастаноўка «Мурашка-Палашка» па аднайменнай вершаванай казцы, а таксама апавяданне «Дзе канец свету?»; у аўторак — радыёпастаноўка «Фрося» і апавяданне «Летапісцы»; у сераду — радыёпастаноўка «Жалейка» і кампазіцыя «Пад родным небам», складзеныя з вершаў Змітрака Бядулі; у чацвер і пятніцу — радыёспектакль «Салавей» паводле аднайменнай аповесці; у суботу-нядзелю — інсцэніроўка казкі «Срэбная табакерка».

«Творчасць Змітрака Бядулі добра вядомая ўсім нам яшчэ са школьных гадоў. Яго талент шырокі і разнастайны: празаік, паэт, публіцыст, перакладчык, крытык. Ён адзін з выбітных пачынальнікаў найноўшай беларускай літаратуры», — адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?