«Дзве зоркі» на СТБ — новы музычны беларускі праект. 8 параў, у кожнай з іх адзін журналіст СТБ і адзін спявак, спаборнічаюць за першае месца. Прэм'ера прайшла 18 красавіка, а скончыцца кокнурс песні 9 мая. Канчатковых пераможцаў, як адзначае тэлеканал, вызначыць народнае галасаванне.

Пакуль у інтэрнеце можна пабачыць некаторыя выступы і бэкстэйджы са здымак шоу. Кожны выступ будзе ацэньваць журы. Акрамя людзей, непасрэдна звязаных з музыкай і творчасцю, у журы запрасілі чыноўнікаў і палітыкаў. Сярод іх — Лідзія Ярмошына (старшыня ЦВК), Алег Гайдукевіч (намеснік старшыні ЛДПБ), Алена Бераснёва (дэпутат Палаты прадстаўнікоў).

Таксама ў журы конкурсу былі заўважаныя:

Уладзімір Громаў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь,
Аляксандр Яфрэмаў — рэжысёр тэатру і кіно,
Мікалай Кірычэнка — народны артыст Беларусі, акцёр Купалаўскага тэатра,
Карлас Ларэа Давіла — пасол Рэспублікі Эквадор.

Канал СТБ выклаў на YouTube моманты, дзе выступаюць дуэты разам з цытатамі ацэнак журы.

Лідзія Ярмошына пра выступ аднаго з дуэтаў: «Такі просты хлопец, з якім хочацца ўзяцца за рукі і пайсці куды-небудзь» (глядзець з 2:01):

Алег Гайдукевіч пра выступ аднаго з дуэтаў: «Я паверыў, што гэта — каханне!» (глядзець з 0:54).

На адзнацы 1:12, у тым жа відэа, Лідзія Ярмошына, як заўважна на нарэзцы, каментуе выступ дуэта з Аляксандрам Саладухам: «Зашмат надрыву. Нагадвала такое вось, што спявалі раней у цягніках».

Сярод беларускіх спевакоў можна будзе пабачыць Віталя Варанко, Ніну Кароль, Сашу Нема, Аляксея Куляшова, Аляксея Хлястова, спявачку Венеру, Іскуі Абалян і, канешне, Аляксандра Саладуху.

Нягледзячы на тое, што шоу падаецца як унікальнае і прафесійнае, на расійскім тэлебачэнні конкурс песні з аднайменнай назвай «Дзве зоркі» здымаецца з 2006 года і мае цалкам ідэнтычную канцэпцыю.

Не было там толькі адзінага — палітыкаў у журы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?