Расейскія бізнэсоўцы-апазіцыянеры правялі супольную прэс-канферэнцыю.

Былы суўладальнік сеткі салонаў мабільнай сувязі «Евросеть» Яўгеній Чычваркін зоймецца пазіцыянаваннем грамадскай арганізацыі «Адкрытая Расея», заснавальнікам якой з'яўляецца Міхаіл Хадаркоўскі паведамляе Newsru.com.

Пра гэта Чычваркін паведаміў на супольнай прэс-канферэнцыі з экс-кіраўніком ЮКОСа, якая прайшла ў панядзелак у Лондане, дзе цяпер жывуць абодва бізнэсоўцы. «Адкрытая Расея» вяла трансляцыю імпрэзы, прысвечанай будучым вераснёўскім выбарам.

«Займуся працай над праграмай, брэндынгам і пазіцыянаваннем арганізацыі. Я паспрабую зрабіць усё, каб тыя думкі, якія тут нараджаюцца, дайшлі да кожнага расейца як альтэрнатыва існага светапогляду», — заявіў Чычваркін.

Міхаіл Хадаркоўскі са свайго боку выказаў спадзяванне, што з прыходам Чычваркіна камунікацыі «Адкрытай Расеі» з грамадствам палепшацца. «Гэта тое, што ён умее рабіць лепш за ўсё», — мяркуе экс-кіраўнік ЮКОСа. Паводле слоў Хадаркоўскага, «напрацоўкі Чычваркіна з нагоды бачання будучыні пойдуць у агульную скарбонку».

«Вельмі важна менавіта, каб 89% насельніцтва мелі доступ да спрэс альтэрнатыўнага бачання свету. Наша задача з Міхаілам Барысавічам гэтыя веды данесці», — распавёў Чычваркін, назваўшы гэта «расшыраным навучаннем».

Анансуючы прэс-канферэнцыю, Хадаркоўскі і Чычваркін раней заявілі, што іхняя мэта - «у параўнальна недалёкай гістарычнай перспектыве дамагчыся сыходу Пуціна і ягоных сяброў ад улады, запусціць палітычны працэс у Расеі і забяспечыць першыя абсалютна адкрытыя, сумленныя выбары». На іхнюю думку, з моманту сыходу цяперашняй улады для стварэння патрэбных варункаў правядзення такіх выбараў спатрэбяцца два гады. За гэты час мяркуецца правесці шэраг рэформаў, у тым ліку — палітычную, судовую і шэраг эканамічных.

Прызнаўшы, што ў іх розныя палітычныя погляды, Хадаркоўскі і Чычваркін заявілі, што адчуваюць «пільную патрэбу аб'яднання ўсіх неабыякавых сіл, каб зрабіць Расею свабоднай і адкрытай». «2017 год блізка, надышоў час вярнуць гэтую зямлю сабе», — падагульнілі яны, маючы на ўвазе 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На прэс-канферэнцыі ў панядзелак Хадаркоўскі распавёў аб праекце «Адкрытыя выбары», які быў запушчаны 22 студзеня 2016 года. «Адкрытая Расея» абвясціла, што падтрымае на будучых выбарах у верасні ў Дзяржаўную думу 20—25 кандыдатаў у аднамандатных акругах. Паведамлялася, што па дапамогу да «Адкрытай Расеі» ўжо звярнуліся як беспартыйныя грамадзяне, так і прадстаўнікі парламенцкіх партый.

На пачатку красавіка стала вядома, што паступіла блізу 300 заявак. У тым ліку, паводле звестак «Адкрытай Расеі», па дапамогу звярнуліся больш як дзясятак «адзінаросаў». Аб планах абірацца пры падтрымцы «Адкрытых выбараў» заявілі сябра «Справядлівай Расеі» Вольга Жакава, журналістка Юлія Юзік, лідар Лібертарыянскай партыі Расеі Андрэй Шальнеў, сустаршыня ПарНаС у Санкт-Пецярбургу Андрэй Півавараў, супрацоўніца «Адкрытай Расеі» Марыя Баронава.

«Выкарыстаць (выбары) можна і трэба ў рамках палітыка-адукацыйнага праекта, у рамках якога мы, расейцы, убачым новых маладых палітыкаў», — сказаў Хадаркоўскі.

На прэс-канферэнцыі было закранутае пытанне аб магчымасці супрацоўніцтва «Адкрытай Расеі» з Дэмакратычнай кааліцыяй. Як заявіў Хадаркоўскі, «супрацоўніцтва не толькі магчымае, яно ідзе». Ён адзначыў, што разглядае гэтыя выбары як праект, у рамках якога максімальная колькасць маладых палітычных лідараў павінна атрымаць магчымасць прэзэнтаваць свае погляды. «Мы ў гэтым сэнсе можам толькі дапаўняць адзін аднаго, а не канкураваць», — падкрэсліў экс-кіраўнік ЮКОСа.

Парламенцкія выбары адбудуцца ў Расеі 18 верасня 2016 года. Згодна з дзейным расейскім заканадаўствам, з 450 мандатаў дэпутатаў Дзярждумы палова размяркоўваюцца паміж спісамі палітычных партый, якія атрымалі ў выніку галасавання выбаршчыкаў больш за 5% галасоў. Астатні склад ніжэйшай палаты парламента будзе сфармаваны з пераможцаў выбараў у аднамандатных акругах.

У адзіны дзень галасавання 18 верасня таксама пройдуць выбары кіраўнікоў васьмі рэгіёнаў і выбары дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады ў 38 суб'ектах РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0