Прэзідэнт Ісландыі Оўлавюр Рагнар Грымсан абвясціў, што мае намер у чэрвені пайсці на шосты тэрмін запар.

На спецыяльнай прэс-канферэнцыі ён нагадаў, што не збіраўся вылучаць сваю кандыдатуру. Аднак, паводле слоў прэзідэнта, пад ціскам грамадскасці ён вырашыў перагледзець сваю пазіцыю на гэты конт.

Оўлавюр сцвярджае, што самыя розныя людзі апошнім часам звярталіся да яго з просьбай зноў балатавацца ў прэзідэнты, бо баяцца, што змена прэзідэнта неўзабаве пасля адстаўкі прэм'ера штурхане краіну ў палітычны крызіс.

Прэм'ер-міністр Ісландыі Сігмюндзюр Давід Гюнлёйгсан сышоў у адстаўку ў пачатку красавіка. Нагодай сталі так званыя «панамскія дакументы». У іх казалася, што прэм'ер і яго жонка не задэкларавалі сваю афшорную фірму.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Ісландыі на чэрвень.

Акрамя Оўлавюра на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць яшчэ больш за дзесяць чалавек. Пры гэтым у краіне няма абмежаванняў на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў аднаго чалавека, што дазволіла Оўлавюру заставацца нязменным кіраўніком дзяржавы са жніўня 1996 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?