Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаў банкрутам і адкрыў ліквідацыйную вытворчасць у дачыненні да беларуска-аўстрыйскага сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Шклозавод «Ялізава».

Нагадаем, 12 студзеня эканамічны суд пачаў конкурсную вытворчасць у дачыненні да шклозавода. А ўжо 12 красавіка прадпрыемства было прызнана банкрутам.

Асноўны фактар банкруцтва завода — высокі кошт энерганосьбітаў, заявіў БелаПАН кіраўнік ліквідацыйнай вытворчасці «Ялізава» Мікалай Шаўкуноў. «Калі супастаўляць газ у Расіі, у Смаленску, то там 80—120 долараў за тысячу кубоў, у нас — 279 долараў. Гэта значыць неканкурэнтаздольнасць прадпрыемства», — адзначыў ён.

Таксама, паводле слоў кіраўніка, адмоўную ролю адыграла знаходжанне пад следствам прадстаўніка ўладальніка шклозавода Аляксандра Мураўёва, які быў летась затрыманы па справе «Мотавела».

Аднак, нягледзячы на цяперашняе банкруцтва шклозавода, Мікалай Шаўкуноў упэўнены ў перспектывах яго развіцця, пашырэння і нармальнага функцыянавання, якія адбудуцца пасля змены ўладальніка. «Завод працаваў і будзе працаваць. Мала таго, будзе пашырацца вытворчасць — адкрывацца чацвёрты цэх. Прадпрыемства чакае змена ўласніка. Яно будзе працаваць, калектыў будзе працаваць. Звальненняў не было, не будзе, а будзе прыём новых працаўнікоў», — заявіў ён, адзначыўшы, што ў дадзеным выпадку працэдура банкруцтва з`яўляецца свайго роду вызваленнем ад праблем.

Кіраўнік перакананы, што праблему высокага кошту на энерганосьбіты ўдасца вырашыць менавіта пашырэннем вытворчасці, якое дазволіць зрабіць рэнтабельнасць прадпрыемства вышэйшай за 10%.

Згодна з рашэннем суда, ліквідацыйная вытворчасць на шклозаводзе «Ялізава» павінна завяршыцца да 12 красавіка 2017 года.

Паводле дадзеных дэпартамента па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі, шклозавод на працягу 2014 года — першай паловы 2015 года атрымаў чыстую страту звыш 360 млн. рублёў. Акрамя таго, па дакументах, прадстаўленых суду ў студзені, крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складала 598 млрд. рублёў, з іх каля 350 млрд. рублёў — запазычанасць па крэдытах і пазыках, астатняе — запазычанасць перад іншымі крэдыторамі. Запазычанасць па абавязковых плацяжах і заработнай плаце адсутнічала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?