Да 30 красавіка ў мінскай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» праходзіць пяты адукацыйна-мастацкі фэст «ARTES LIBERALES», тэма якога — «Паэтыка працы». Сёлетні выпуск форума адкрыўся выставай нямецкіх мастакоў Анце Эман і Харуна Фарокі «Праца адным кадрам»; праектам, які прадстаўляў Германію на 55-ай Венецыянскай біенале. Агулам жа праграма фэсту ўключае 50 лекцый, дыскусій, варштатаў, кінапраглядаў і канцэртаў, тым альбо іншым чынам датычных тэмы працы.

Якія сацыяльныя вымярэнні ўключае ў сабе праца? Што ёсць «прэкарнай» працай сёння? Што — прымусовай — сёння і ўчора? Як абараніць свае правы фрылансеру, творчаму работніку? «ARTES LIBERALES-2016» прапаноўвае шэраг выступленняў і абмеркаванняў з удзелам беларускіх і замежных экспертаў на надзённую сёння тэму трансфармацый працы. У лік мерапрыемстваў уваходзяць не толькі «круглыя сталы», але і лекцыі-кансультацыі, воркшопы, дыскусіі з прыцягненнем спецыялістаў, то бок, падзеі, якія прадугледжваюць і выхад на практычныя захады.

Да прыкладу, 29 красавіка пройдзе абмеркаванне з удзелам псіхолагаў, псіхатэрапейтаў і коўчераў « Прафесійнае выгаранне і стрэс на працы: псіхалагічная дапамога ў эпоху дэдлайнаў» — праблема, якая хвалюе сёння, напэўна, амаль кожнага (творчага) работніка.

Спалучэнне аналізу сучаснай сітуацыі на рынке працы, «глабальныя» паралелі, пошук рашэнняў з удзелам супольнасці — такі творчы складнік фестывалю гэтага года, і ён прадугледжвае выхад на больш шырокую аўдыторыю.

Мы выбралі некалькі падзеяў фестывалю, якія могуць зацікавіць чытачоў НН.

19 красавіка мастак і пісьменнік Аляксей Талстоў запрашае на «неакадэмічную» дыскусію пра мастацтва і эканоміку — «Хто набудзе мае перакананні?».

20 красавіка Гюлай Гюн з Гамбургскага музею працы прэзентуе даклад на тэму «Выстава «Прымусовая праца. Немцы, прымусовыя рабочыя і вайна» ў Музеі працы ў Гамбургу». Распрацаваная Фондам мемарыяльных комплексаў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора пры падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня», гэта выстава ўпершыню распавядае поўную гісторыю прымусовай працы ў час нацыянал-сацыялізма і яго наступстваў.

22 красавіка тэму прымусовай працы працягне варштат «Reframing Forced Labour» з удзелам Фелікса Акермана (Германія\Польшча), Гюлай Гюн, Імке Ханзен (Швецыя) і дыскусія «Паміж памяццю і забыццём», да якой, апроч гэтых экспертаў, далучацца беларускія гісторыкі Ірына Раманава, Ірына Кашталян. Гэты воркшоп, які аб’яднаў вучоных з Беларусі, Польшчы, Швецыі і Германіі, мае мэтай правядзенне дыскусіі па навейшых даследаваннях прымусовай працы з фокусам на беларускі вопыт: «калектывізацыя», адаптацыя былых прымусовых рабочых да жыцця ў Савецкай Беларусі…

22 красавіка таксама Юлія Лысакоўская дасць лекцыю на тэму «Прававое рэгуляванне працы ў сферы творчых прафесій».

У другой палове красавіка адбудзецца яшчэ некалькі цікавых лекцый і дыскусій па гісторыі, гістарычнай і індустрыяльнай спадчыне Беларусі, ды лёсах пост-савецкіх гарадоў.

26 красавіка, аўторак.

18.00 Лекцыя Андрэя Чарнякевіча «Ад Тызенгауза да Брэжнева: месца «чалавека працы» ў гарадской прасторы Гродна»

19.30 Лекцыя Сяргея Харэўскага «Прыгажосць карыснага: стылістычныя асаблівасці прамысловай архітэктуры Беларусі д.п. ХІХ-п.ХХ стст.»

27 красавіка, серада.

18.00 Ахова і інтэрпрэтацыя індустрыяльнай спадчыны. Прэзентацыя праектаў. У. Карцялёва, Л.Марцінкова, П. Скурко.

19.30 Круглы стол «Індустрыяльная спадчына Беларусі». С. Харэўскі, Л. Кіштымаў, А. Чарнякевіч, С. Стурэйка, Н. Чарапан, А.Карпека.

28 красавіка, чацвер

18.00 Прэзентацыя праекта «Вісагінас: Урбанізм пасля ядзернай энергіі» (Бенджамін Коўп, Вікторыя Сталыбка).

Акрамя акадэмічных і мастацкіх дыскусій, сталае месца на Artes Liberales займаюць кінапрагляды, а таксама музыка - бо гэта адно з сямі класічных «вольных мастацтваў» (лат. Artes liberales).

24 красавіка ў Галерэі «Ў» выступіць беларускі post-rock/electronic гурт Hamlet His Highness, намінаваны на музычную прэмію Experty.by.

30 красавіка, на заканчэнні фэсту, музыкі з гурта «НагУаль» - Леанід Паўлёнак і Бэн Коўп (дарэчы, куратар урбаністычнай праграмы фэсту) выступяць з жывым музычным суправаджэннем да хранікальных фільмаў пра працу.

У гэты ж дзень адбудзецца дыскусія пра арганізацыю музычных фестываляў з удзелам прадстаўнікоў беларускіх фэстаў FSP, Mental Force, Mirum Music Festival, «Белае люстра», Vulica Brazil, ды інш.

Уваход на ўсе падзеі фэста вольны!

Поўную праграму Artes Liberales 2016 можна паглядзець на сайце artes-liberales.by

Фестываль Artes Liberales 2016 ініцыяваны камандай выкладчыкаў, выпускнікоў і студэнтаў Дэпартаменту медыя ЕГУ, але сярод некалькіх дзясяткаў удзельнікаў не толькі выкладчыкі з гэтага ўніверсітэта, але і даследчыкі, мастакі і музыкі з Беларусі, Літвы і іншых краін Еўропы.

Artes Liberales штогод пашырае супрацоўніцтва з творчымі суполкамі Беларусі і за мяжой, таму, акрамя сталых партнёраў - Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэту ды Галерэі «Ў» сёлета фэсту дапамагае мастацкі часопіс pARTisan, платформа перфарматыўных практык зЕрне, музычны лэйбл Foundamental Network, вэб-часопіс 34MAG.net, Лабараторыя Візуальных і культурных даследванняў (Літва), Амбасада Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, вэб-студыя Laisves Studio (Літва), і мінская музычна-культурная ініцыятыва UNISEX. Выстава «Праца адным кадрам» і спадарожныя лекцыі і дыскусій арганізаваныя пры падтрымцы прадстаўніцтва Goethe Institut у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?