Павышаная ўвага ДАІ да матацыклістаў абумоўленая пачаткам мотасезона, падвышанай аварыйнасцю і правядзеннем з 15 па 29 красавіка прафілактычнай акцыі «Мотарух без парушэнняў!», паведаміла начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінска Жанна Юран.

18 красавіка пачала з'яўляцца інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі ДАІ масава канфіскоўваюць матацыклы ў сталічных байкераў часцей за ўсё на падставе праверкі ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку. Паведамлялася, што за апошнія суткі на штрафстаянкі дастаўлена каля 30 матацыклаў. Байкеры пішуць у сацсетках, што канфіскацыі працягваюцца і сёння. Некаторыя звязваюць абвастрэнне сітуацыі з дарожнай аварыяй з удзелам матацыкліста і супрацоўніка ДАІ, якая здарылася ў цэнтры Мінска ўчора.

Як адзначыла Юран, з пачатку года ў сталіцы пяць чалавек загінулі ў ДТЗ, з іх двое — кіроўца і пасажыр матацыкла (аварыя адбылася ў пачатку красавіка на скрыжаванні вуліцы Гамарніка і Лагойскага тракта). «Практычна 40% загінулых — менавіта гэтая катэгорыя», — падкрэсліла яна.

Каментуючы версію пра тое, што падвышаная ўвага да матацыклістаў звязаная з ДТЗ з удзелам матацыкліста і супрацоўніка ДАІ, Юран адзначыла, што здарэнне з двума загінулымі на Лагойскім тракце мела не меншы рэзананс. «Тады таксама казалі, што зноў ДАІ тут лютуе супраць матацыклістаў. Калі б мы ніяк не зрэагавалі ні на адно, ні на другое здарэнне, гэта было б, мне здаецца, дзіўна. Але калі павялічваецца колькасць здарэнняў з удзелам матацыклістаў, напэўна, трэба нейкім чынам рэагаваць, у тым ліку ўзмацняць працу», — адзначыла яна.

Пры гэтым прадстаўнік ДАІ адзначыла, што калі кіроўцы не парушаюць правілы дарожнага руху, маюць адпаведную катэгорыю, іх дакументы ў парадку, машына або матацыкл зарэгістраваны, прайшоў тэхагляд і г. д., то праблем з ДАІ не паўстане незалежна ад таго, чым кіруе кіроўца — аўтамабілем ці матацыклам.

Кажучы пра прычыны канфіскацыі транспартных сродкаў, Юран адзначыла, што і матацыкл, і аўтамабіль могуць канфіскаваць, калі кіроўца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, не меў права кіравання пэўнай катэгорыі, альбо калі ў супрацоўнікаў ДАІ паўсталі сумневы ў ідэнтыфікацыйным нумары кузава.

Супрацоўнікі ДАІ павінны даставіць транспартны сродак на ахоўную стаянку, а матэрыялы — перадаць у адпаведныя аддзелы ў залежнасці ад таго, што будуць высвятляць эксперты (напрыклад, прыкметы перабіўкі нумара). Тэрміны правядзення такой праверкi Юран назваць не змагла.

Каментуючы той факт, што матацыклісты якраз і называюць праверку нумара рамы як асноўную прычыну канфіскацыі, Юран адзначыла: «Гэта яны так кажуць. Не факт, што так і было. Наколькі я ведаю са статыстыкі, нават на адкрыцці байк-злёту 16 красавіка з тых парушэнняў, якія былі выяўленыя, досыць вялікая колькасць [матацыклістаў] была наогул без катэгорыі. Але прыехалі на байк-злёт, ведаючы, што там будуць супрацоўнікі ДАІ, якія будуць кантраляваць».

Тым часам адзін з байкераў са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што начальства ДАІ дало толькі вуснае, але абавязковае да выканання ўказанне забіраць на штрафстаянку усе спартыўныя матацыклы, а астатнія — калі ў іх адсутнічае рэгістрацыйны нумар ці ёсць праблемы з дакументамі.

«У іх ужо прыдуманы адказ на ўсе пытанні, і не дакапаешся. Матацыклы будуць утрымліваць да канца сезона, і на пытанне, чаму так доўга, будзе гучаць адказ: «Чарга», — і мінімум на тры месяцы», — распавёў матацыкліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?