Конкурс маладых дызайнераў адзення «Новыя імёны Беларускага тыдня моды» гэта прафесійны конкурс для выпускнікоў, навучэнцаў і студэнтаў профільных навучальных устаноў Беларусі. Матэрыял для творчасці прадставіў «Аршанскі ільнокамбінат», такім чынам усе пяць конкурсных работ ад кожнага фіналіста зробленыя з ільну.

Галоўны прыз – магчымасць стварыць прамысловую калекцыю адзення «prêt-a-porter» і бясплатны ўдзел у наступным Беларускім тыдні моды. За некалькі папярэдніх месяцаў з амаль пяцідзесяці ўдзельнікаў да фіналу дайшлі толькі шэсць.

Пераможцай гэтага сезона стала студэнтка мінскага Інстытута сучасных ведаў Марына Меранкова. Марына бярэ ўдзел у конкурсе другі раз, у мінулым сезоне таксама дайшла да фіналу. У стварэнні работ натхнялася творамі Іераніма Босха.

Варвара Троіцкая, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, другі раз атрымала «прыз глядацкіх сімпатый» па выніках галасавання ў сацыяльных сетках. Сёлетняя калекцыя аб’яднала тэмы арыгамі і мора.

Анатоль Паляшчук, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швацтва, выкарыстаў для конкурсных мадэляў тэхніку «сінэль». Ідэю калекцыі падказала застаўка да мультфільма «Карусель».

Ганна Князькіна, навучэнка Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, натхнілася кніжкай сваёй дачкі з выявай карабля.

Аляксандра Гунас, студэнтка Інстытута сучасных ведаў, выкарыстала вобразы сучаснага вулічнага мастацтва.

Ксенія Гесць, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, пры стварэнні калекцыі арыентавалася на вулічную моду Усходу.

Фоты прадстаўленыя арганізатарамі Беларускага тыдня моды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?