Тое, што ў Беларусі адзінай дзяржаўнай мовай de facto зьяўляецца русский язык, ні для каго не сакрэт. Спрэчкі могуць ісьці толькі вакол характару гэтай зьявы — наколькі яна прыродная і наколькі рукатворная, ці «зьверху» гэта робіцца ці «зьнізу».

Пры ўсім жаданьні глядзець «Панораму» або чытаць галоўную газэту кіраўніка краіны па‑беларуску, зрабіць гэта немагчыма. Па‑беларуску не parle беларускі, нібыта, parlement. Ну і каб новая школа была беларускай, бацькі‑беларусы павінны доўга даказваць у пісьмовай форме і без асаблівай надзеі на вынік, што гэта сапраўды патрэбна ім усім, інакш «по умолчанию» адкрываецца руская школа.

Нягледзячы на Закон аб мовах з яго «дзяржаўнай беларускай», любы чыноўнік любога ўзроўню на ваш беларускамоўны зварот у ста выпадках са ста дасьць свой рускамоўны адказ.

Таму, што б вы ні казалі пра жаданьне народа, яно тут ні пры чым. Мы маем справу зь дзяржаўнай і цалкам аўтарытарнай палітыкай. І з тымі, хто з усіх сіл імкнецца плысьці ў фарватары гэтай палітыкі. На першым месцы тут — бізнэс.

Гэта толькі магутныя замежныя кампаніі, накшталт Samsung, могуць дазволіць сабе рэкляму па‑беларуску, бо ў іх іншая палітыка, нацэленая на разнастайнасьць, а не на ўніфікацыю. Што да нашых, то яны ўгодліва выпускаюць «савушкин продукт» — з маркіроўкамі па‑саратаўску ці па‑тамбоўску, але ніяк не па‑тутэйшаму. (Па‑беларуску прадукт мусіў быць Саўкаў ці, калі той Саўка так ужо абмаскаліўся — Савушкаў.)

Вытворцы, натуральна, апраўдваюцца тым, што прадукт разьлічаны на «нашу Рашу», таму гэта як бы маскіроўка, каб дарагія мае масквічы не западозрылі ніякіх «нацыянальных падтэкстаў». Скажаце, неспартыўна? Так, і найперш — у дачыненьні да саміх сябе. Як у той бэтэшнай «Панораме» — «Главные новости. На первом» — бессаромны плагіят з расейскага ОРТ. Дарагім маім масквічам, вядома, гэта ўсё да лямпачкі. Бо гэта асаблівасьці нашага з вамі нацыянальнага самапрыніжэньня. А паколькі ў гэтым самапрыніжэньні выразна прысутнічае нотка гадзенькай асалоды, дык кваліфікаваць яго трэба як псыхічную балячку, як мазахізм.

Хвароба заразная і вельмі хутка ахоплівае ўсе «сягменты рынку». Ня ведаю, ці зьяўляецца гэта прычынай таго, што рэалізацыя айчынных тавараў у параўнаньні з імпартам у нас з году ў год падае, але і сам сябе не лічу настолькі хворым, каб, да прыкладу, едучы да сяброў за мяжу, набываць сувэнірную пляшку гарэлкі «Бульбаш». Рэч у тым, што мае замежныя сябры асаблівасьцям нашага нацыянальнага мазахізму не падвержаныя, і ўспрынялі б такі падарунак неадэкватна. Уявіце, каб ваш ізраільскі сябра прывез вам у падарунак бутэлечку гарэлкі «Жыд». Ці польскі таварыш падараваў пляшку «Пшэка». Ці ўкраінец, замест «Хортыцы» — «Хахла». Ці каб дарагія масквічы пачаставалі халодненькім «Маскалём»…

У выніку, каб не выглядаць, мякка кажучы, хворым на галаву, я набываю «Бальзам белорусский». Праўда, і тут ня ўсё чыста. Ведаю, зноў давядзецца тлумачыць, што этыкетка напісана не па‑беларуску, і адказваць на роспыты — чаму?

Сяргей Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0