Расійскія СМІ працягваюць множыць фэйкі, якія маюць на мэце падтрыманне варожасці да ўкраінцаў, а таксама праціўнікаў Пуціна ў Расіі. 

Чарговай нагодай для гэтага стала смерць бас-гітарыста гурту «Любэ», што спявае музыку блатнога толку.

Версію запусціў пісьменнік Захар Прылепін. Яе падхапіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава.

Захар Прылепін напісаў у сваім блогу на сайце РЕН ТВ: «Паша сядзеў у бары, абмяркоўваў якраз тыя самыя тэмы, што і мы з ім абмяркоўвалі — Данбас. У нас гэта балела з ім — і, няма чаго хаваць, гаварылі мы пра гэта часта», — напісаў Прылепін.

Паводле яго слоў, аднаму з прысутных ва ўстанове гутарка не спадабалася. «Пашу падышлі і ўдарылі па галаве. Ззаду. Тварам да твару з ім забойца меў куды менш шанцаў. Паша мог за сябе пастаяць. Вынік: пералом асновы чэрапа і ўнутрымазгавая гематома», — адзначыў пісьменнік.

Хоць Прылепін сам не прысутнічаў у рэстаране, у якім адбыўся канфлікт, і ягоныя словы — толькі гіпотэза, іх пракаментавала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. «Правы чалавека ім падавай, каштоўнасці еўрапейскія, павагу. Не будзе вам ні каштоўнасцяў, ні павагі, пакуль не перастанеце людзей страляць на Майдане, паліць у дамах прафсаюзаў і забіваць у барах па нацыянальна-ідэалагічнай прыкмеце. Спачатку інтэнсіўная рэабілітацыя ад нацыяналізму, потым усё астатняе. Інакш — клінічная смерць ад атручвання самімі сабой», — напісала яна на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Бас-гітарыст «Любэ» Павел Усанаў быў збіты 2 красавіка. 19 красавіка ён памёр у адной з маскоўскіх бальніц.

3 красавіка ў Падмаскоўі затрымалі падазраванага ў нападзе на Усанава. Гэта 39-гадовы жыхар Сонечнагорскага раёна Маскоўскай вобласці. Супраць яго заведзеная крымінальная справа па частцы 1 артыкула 111 КК РФ ( «Наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю»). 

Усанаў у 2014 годзе выступаў на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Затрыманы за бойку з Усанавым мужчына сцвярджае, што бас-гітарыст «Любэ» сам на яго напаў, а ён толькі абараняўся.

У рэстаран Усанаў прыйшоў адзначаць дзень нараджэння сына свайго сябра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?