20.04.2016 / 17:12

У Беларусі праходзіць акцыя «Чысты вадаём»

Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Вольга Дзмітрыева.

«Трэці год запар БТПР праводзіць акцыю «Чысты вадаём». Штогод да нас далучаецца ўсё больш і больш людзей, якія хочуць зрабіць больш чыстымі берагі любімых рэк і вадаёмаў. У гэтым годзе акцыя будзе праводзіцца ў перыяд з 20 па 27 красавіка. Для ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя», — адзначыла яна.

Вольга Дзмітрыева расказала, што за час правядзення акцыі сіламі супрацоўнікаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў сумесна з прадстаўнікамі іншых арганізацый і проста неабыякавымі грамадзянамі была прыведзена ў парадак берагавая лінія больш як 300 вадаёмаў і рэк. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел амаль 13 тыс. чалавек, сабрана больш як 2,3 тыс. кубічных метраў смецця і вывезена на палігоны цвёрдых камунальных адходаў.

Азнаёміцца з інфармацыяй аб месцах правядзення акцыі можна на афіцыйным сайце БТПР.

«У першую чаргу мерапрыемства накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прыцягненне ўвагі да праблемы забруджвання вадаёмаў, прывядзенне ў парадак прыбярэжнай зоны вадаёмаў і вадацёкаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага актыўнага адпачынку на прыродзе», — растлумачыла прэс-сакратар.

Па традыцыі ў акцыі штогод удзельнічаюць і дзяржінспектары аховы жывёльнага і расліннага свету. «Супрацоўнікі цэнтральнага апарату Дзяржінспекцыі разам з кіраўніцтвам БТПР сёння прыбіраюць ад смецця прыбярэжную паласу Пятровіцкага вадасховішча, размешчанага за 15 км ад Мінска. Нягледзячы на тое, што такая работа праводзілася там і ў мінулым годзе, праблема засмечанасці вадаёма з берагавой лініяй каля 10 км застаецца ўсё яшчэ актуальнай», — расказала прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ Вольга Грамовіч.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру