20.04.2016 / 17:15

Ярмошына: Трэба арыентавацца на выбарчыя сістэмы краін Балтыі і Скандынавіі  7

У перспектыве Беларусі трэба арыентавацца на пераход на выбарчыя сістэмы краін Балтыі і Скандынавіі. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, выступаючы 20 красавіка на семінары па пытаннях удзелу РГА «Белая Русь» у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.»Нельга сказаць, што наша выбарчая сістэма ідэальная, у яе, як і ў іншых, ёсць недахопы», — адзначыла яна.

Яна не падтрымлівае пераход «на партыйныя спісы, як у Расіі і Украіне, калі галасуюць ўсляпую, за партыі, і ў выніку выбаршчыкі атрымліваюць ката ўмяху».»Трэба браць выбарчую сістэму Скандынаўскіх краін. Там не проста партыйны спіс, а ён адкрыты, празрысты. І выбаршчык у гэтым спісе сам вызначае, за каго з гэтага спіса прагаласуе», — заявіла кіраўнік ЦВК.

«Так, лічыць складана, але там і не лічаць уручную. Там усё скануецца і падлічваецца аўтаматычна», — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама, паведаміўшы, што такім чынам ужо падлічваюць галасы ў Латвіі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама прапаноўвае змяніць парадак накіравання ў акруговыя выбарчыя камісіі на парламенцкіх выбарах прадстаўнікоў з дарадчым голасам. 

Цяпер гэта права дадзенае палітычным партыям, што Ярмошына лічыць не зусім справядлівым. «Мы будзем прапаноўваць адысці ад сённяшняй нормы, падаўшы права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій не палітычным партыям, а кожнаму кандыдату ў дэпутаты», — сказала яна.

«Калі ёсць кандыдат у дэпутаты, ён будзе мець права накіраваць у выбарчую камісію свайго прадстаўніка з правам дарадчага голасу. Пагадзіцеся, гэта будзе справядліва», — дадала кіраўнік ЦВК.

Пры гэтым Ярмошына адзначыла, што цяпер палітычныя партыі і так знаходзяцца «ў прывілеяваным становішчы, бо ім лягчэй за ўсё вылучыць кандыдата ў дэпутаты».

Адпаведныя змены ў выбарчае заканадаўства могуць быць унесеныя ўжо пасля парламенцкіх выбараў 2016 года, якія павінны адбыцца не пазней за 11 верасня.

Ярмошына таксама паведаміла, што на наступным тыдні на нарадзе ў прэзідэнта будуць абмяркоўвацца прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, выпрацаваныя ЦВК на аснове рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

Паводле яе слоў, часткова выпрацаваныя прапановы ўжо ўключаныя ў распрацаваныя Цэнтрвыбаркамам метадычныя дакументы. Кіраўнік ЦВК не стала канкрэтызаваць, якія менавіта прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу будуць выкарыстаныя падчас парламенцкіх выбараў 2016 года. «На гэты момант у прынцыпе не буду раскрываць гэта», — заявіла Ярмошына.

Нагадаем, 12 лютага па распараджэнні кіраўніка дзяржавы была створана міжведамасная экспертная група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі дадзены пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства інфармацыі.

Каментуючы вынікі працы групы ў сярэдзіне сакавіка, Ярмошына паведаміла пра «пяць-шэсць» прапаноў БДІПЧ, над якімі будзе весціся праца да парламенцкіх выбараў 2016 года. Паводле яе слоў, гэтыя прапановы тычацца перш за ўсё ўдасканалення парадку падліку галасоў, разгляду выбарчых спрэчак і стварэння выбарчых камісій.

У выніковай справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ адзначаецца: «Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што ў Беларусі наперадзе яшчэ значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў». Назіральнікі звярнулі ўвагу на некаторае паляпшэнне і «ветлівае стаўленне» ўладаў Беларусі да місіі, адзначылі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але «значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў».

0
алекс / Адказаць
20.04.2016 / 17:40
Ух как деньги нужны. Шо прям про такие перспективы заговорили))) причом деньги сейчас а перспективы в перспективе)))
0
РРР / Адказаць
21.04.2016 / 01:11
Фуфло выдаваць за выбары - гэта галоўная задача, пастаўленая перад псэўдаюрысткай Ярмошынай. Толькі круглыя ідыёты на такое купляюцца.
0
Літвін-БЕЛАРУС / Адказаць
21.04.2016 / 06:52
Подтасовщица на диву - Ищет нову перспективу !
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру