Прэзэнтацыя новага выдавецтва адбылася ў Доме літаратара ў Менску 29 красавіка.

Стваральнікі выдавецтва, літаратары Зьміцер Вішнёў і Міхась Башура, прадставілі ўжо выдадзеныя кнігі й анансавалі будучыя сэрыі, а таксама уэб‑сайт: www.goliafy.com

Сярод выступоўцаў былі аўтары, чые кнігі ўжо пабачылі сьвет дзякуючы «Галіяфам», а таксама тыя, чые творы патрапілі ў партфоліё выдавецтва й рыхтуюцца да друку.

Усяго «Галіяфы» прэзэнтавалі чатыры кнігі: «Мільярд удараў» Юр’я Станкевіча; «Экзыстэнцыйны пейзаж» Вікі Трэнас; «Забі ў сабе Сакрата!» Веры Бурлак і Віктара Жыбуля; «Сто дарог» Уладзіміра Несьцяровіча.

Да друку рыхтуюцца сэрыі «Другі фронт мастацтваў», «Адсутнае беларускае мастацтва», «Калекцыя беларускай фантастыкі», «Партрэты польскай літаратуры», а таксама шэраг дзіцячых твораў. Пакуль аўтарскую скарбонку выдавецтва складаюць, у асноўным, творцы Другога фронту мастацтваў, «радыкальнай» суполкі «Schmerzwerk».

На прэзэнтацыі было таксама абвешчана пра заснаваньне конкурсу імя Паўлюка Шукайлы, пераможцы якога змогуць надрукавацца ў «Галіяфах».

Выдавецтва «Галіяфы» заснаванае ў 2007 г. Лёгатыпам выдавецтва зьяўляецца выява Галіяфа — афрыканскага жука‑гіганта.

Антон Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0