Казалі, што яго бачылі ў Непале. «Не ў Непале, а ў Балівіі!» — спрачаліся іншыя. «У Тыбеце ён цяпер!» — даводзілі трэція. Казалі нават, што ваюе недзе. І пускалі плёткі, што няма ўжо яго. Легендарны стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў сапраўды быў ў Балівіі і Тыбеце, а зараз — ва Украіне, і на колькі дзён завітаў дадому ў Беларусь, дзе з ім і сустрэлася карэспандэнт Naviny.by. 

Не ваяваў, не забіваў, не забіты, не паранены. Быў на Данбасе, у АТА, але як валанцёр, вазіў лекі і аўтамабілі туды. Ва Украіну перабраўся з пачаткам Майдану, у 2013 годзе, разам з сям'ёй і IT-бізнэсам.

«Застаюся ідэалістам. Веру ва Украіну» 

— Перабраўся, бо абсалютна шчыра спадзяваўся, што слабасць украінскай улады плюс актыўнае грамадства могуць нарадзіць новы стыль кіравання. Фактычна размова ішла пра магчымае вяртанне нашых традыцый — Наўгародскае і Полацкае веча, спалучэнне парламенцкай рэспублікі з актыўным грамадствам. Але на сённяшні дзень склалася так: алігархату і бізнес-элітам удалося падпарадкаваць тое, што было стыхіяй — валанцёраў, добраахвотнікаў. Зараз вельмі багата добраахвотнікаў сядзяць па турмах. Яны лічаць, што ўсё гэта несправядліва, што адмыслова некаторыя сітуацыі створаны, каб вывесці іх з гульні. 

Ва ўкраінскім грамадстве вельмі вялікае расчараванне вынікамі Майдана. Усе чакалі свежы подых. А зараз шмат ад каго з украінцаў чуеш, што стала яшчэ горш, чым пры Януковічу. Карупцыя з'ядае Украіну на ўсіх узроўнях. 

Я застаюся ідэалістам, веру ва Украіну. Бачу апроч той старой Украіны, якая гатова красці ў любых умовах, нават ва ўмовах вайны, вельмі багата сумленных, шчырых людзей, якія зрабілі валанцёрскія фонды, якія абсалютна шчыра дапамагалі фронту. 

Пуцінскую гульню ў першую чаргу зламалі як раз гэтыя валанцёры і добраахвотнікі. Расія цалкам пралічыла дэградацыю ўкраінскай эліты, адзінае, што не ўлічыла — гэта актыўную грамадскую супольнасць. 

Ва Украіне я знайшоў рэалізацыю. У Беларусі, калі я хадзіў у дэпутаты першы раз, па датэрміновым галасаванні я выйграваў, але мяне знялі за дзень да выбараў. Сказалі, што бачылі, як сябра маёй ініцыятыўнай групы наклейваў лістоўку у дзень выбараў, калі агітацыя забаронена. Палкоўнік КГБ усміхаўся, казаў: малады чалавек, вы ж разумееце, што ў нас дэпутат ужо прызначаны, можаце скардзіцца, куды хочаце. 

Потым мяне арыштавалі, калі быў выбух на Дзень незалежнасці ў 2008 годзе. Пратрымалі 11 сутак. Пасля гэтага я сабраў подпісы і зноў пайшоў у дэпутаты, але мяне загадзя знялі, не падпусцілі таксама па надуманай нагодзе. Таму калі ва Украіне з'явілася магчымасць нараджэння новай сістэмы ўлады, гэта мяне натхніла. 

Ідэя Майдана не новая. Па сутнасці гэта канстытуцыйна замацаванае Статутамі Вялікага Княства права на рокаш. Калісьці гэта нармальна разумелася, а зараз — народу не дазволена, сядзі і маўчы. 

Украінцы значна дабрэйшыя і больш прыязныя за беларусаў, нават не кажучы пра сферу абслугоўвання. У Беларусі мусіць нешта змяніцца ў глабальным парадку. Ва Украіне смяюцца: у нас вайна і курс грыўні змяніўся ў тры разы, а ў Беларусі стабільнасць і курс амаль у сем разоў вырас. І чым стабільнасць лепшая за вайну для эканомікі? 

Дарэчы, з цягам часу ва Украіне мы адмовіліся ад беларускіх IT-шнікаў. Украінцы не такія разбэшчаныя, як нашыя, і больш працавітыя. 

«Ці Лукашэнка знаходзіць нейкую новую думку, тады сацыяльны кантракт працягваецца, ці яго ўлада скончыцца» 

— Два гады таму, калі я пачынаў размову з украінскімі палітыкамі пра тое, што беларусам трэба ствараць хаўрус з украінцамі ў першую чаргу, яны слухалі, але некаторыя заяўлялі: не тлумі галаву з гэтым сваім праектам, наш шлях у Еўразвяз. 

Сёння яны зразумелі, што ў Еўропе яны нікому не патрэбныя, і пачынаюць больш сур'ёзна думаць аб тым, што трэба нейкі хаўрус, каб разам выстаяць супраць навалы. У гэтым кантэксце я б хацеў заклікаць нашу цяперашнюю ўладу, якая багата робіць для эканамічнага збліжэння Беларусі і Украіны, звярнуць большую ўвагу на магчымасці палітычнага стварэння саюзу нашых дзяржаў. 

Гэта задача не сённяшняга дня. Расейская прапаганда закінула беларусам ў галаву, што Украіна — гэта змрочная недадзяржава, што там усё кепска. Але наша адміністрацыя, калі захоча, за год-два цалкам зможа выправіць гэту грамадскую думку. 

У маім разуменні, сённяшні этап характэрны тым, што сацыяльны кантракт насельніцтва Беларусі з сённяшнім прэзідэнтам падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. І тут — ці прэзідэнт знаходзіць нейкую новую думку, тады гэты кантракт працягваецца, ці ўлада Лукашэнкі скончыцца. Рана ці позна. 

У маім разуменні, беларуска-украінскі саюз апроч усіх размоваў пра нашую гістарычную, культурную еднасць нясе вельмі багата эканамічных выгодаў. Мы цалкам зможам у перспектыве ўліцца ў тое, што зараз агучвае прэзідэнт Польшчы Дуда — праект Міжмор'я. Хаця ў маім разуменні з Польшчай нам рана хаўрус ствараць. Нам на сённяшні дзень варта гаварыць пра аднаўленне ВКЛ. Па-мойму, гэты праект варты ўвагі і мае перспектыву. 

У мяне такое ўнутранае адчуванне, што час аднаўлення Вялікага Княства паступова наспявае. Я сутыкаўся з прыхільнікамі ДНР і ЛНР — калі яны чуюць, што магчымы саюз Беларусі з Украінай, яны нават задаюць пытанне: на халеру нам трэба было гэтыя ДНР і ЛНР? Фактычна ідэя сярод украінскага народа — як на ўсходзе, так і на захадзе — знаходзіць шырокі водгук. 

«Украінцы даўно жывуць сваім жыццём, а ўлада — сама па сабе» 

— Украінцы даўно прывыклі жыць сваім жыццём, а ўрад — сам па сабе. Добра, ён не замінае дробнаму гандлю, разумее, што усім трэба выжываць. Хоць пануе апатыя. 

Ведаючы украінцаў, багата хто спадзяецца, што будзе чарговая хваля, новы Майдан, і ўрэшце ўдасца вырашыць праблемы пазітыўна. Сярод актыўнай публікі пастаянна гуляюць ідэі трэцяга Майдану. Але калі ён будзе, гэтым актыўна скарыстаецца Пуцін, таму пакуль не можна гэта рабіць. Хоць патэнцыял ёсць. 

Канфлікт на акупаваных тэрыторыях ужо мог бы даўно скончыцца, калі б Украіна была зацікаўленая. Не было ўведзена нават вайсковае становішча, а проста назвалі АТА, якая па часе мусіла ўжо даўно скончыцца. Калі б украінскія ваенныя мелі каманду, яны б даўно занялі і Данецк, і Луганск. Але ж уладу і цэлую кучу карупцыянераў гэта задавальняе. 

Народ рэальна не хоча ваяваць ні з аднаго боку, ні з другога. Калі з Марыупаля ў Данецк пастаянна ходзіць рэйсавы аўтобус, то што гэта за вайна? Гэта нейкая гульня, спектакль, які падабаецца абодвум бакам. 

Для Расіі Парашэнка пралічаны. Як уладальніка вялікага бізнесу, яны яго пралічылі, усе ягоныя пратаколы і алгарытмы, якія ў яго галаве, як ім можна кіраваць. Яны нават не спрабавалі закрываць ягоны ліпецкі філіял «Рашэн». Бо разумеюць: калі ў яго будзе там бізнэс, ён будзе для іх значна больш кіраваным. 

«Зачыстка беларускіх патрыётаў інспіруецца агентамі ўплыву Крамля» 

— Я скептычна стаўлюся да рэвалюцыйнасці беларусаў. У масавым маштабе беларусы заўсёды былі кансерватыўнымі. Застаецца спадзявацца на трансфармацыю сённяшняй улады.

Звяртаючыся да нашай гісторыі, да «Белага легіёну». Гэта была рэспубліканская структура, якая мела свае адгалінаванні ва ўсіх абласных і багата ў якіх раённых цэнтрах. Людзі рыхтаваліся, мелі свае спартовыя залі, клубы, на абласным узроўні праходзілі зборы, летнікі, дзе выбіраліся лепшыя, якія прыязджалі на агульнарэспубліканскі збор, дзе мы здавалі на сталёвы берэт. Выпрабаванні нічым не адрозніваліся ад тых, якія здаюць спецназаўцы на крапавы берэт. Адзінае, што мы не мелі зброі, каб не было праблемаў з дзяржавай. 

Моладзь здавала апроч фізічнай падрыхтоўкі гістарычны мінімум. І калі чалавек быў фізічна добра развіты, але не ведаў гісторыі, ён бы ніколі не атрымаў сталёвы берэт. Гэтыя людзі маглі б улівацца ў нашыя сілавыя структуры, не з'язджаць кудысьці, не шукаць лепшай долі ў іншых краінах, а служыць у нашых сілавых структурах. 

Звычайна з'язджалі самыя лепшыя, яны служылі ў тым жа Французскім легіёне, яшчэ недзе. Па сваім узроўні падрыхтоўкі яны былі нічым не горшыя, чым той жа «Алмаз». Кожны шукае сабе рэалізацыю, і калі я бачу цяпер некаторых, хто застаўся б у сваім гарадку, ён бы проста спіўся. Таму ў маім разуменні абсалютна не істотна: ці з'язджае чалавек па бізнэсу, па службе, але ж ён расце! 

І для нашых дэмакратаў вялікая праблема ў тым, што калі б раптам прапанавалі заўтра: бярыце ўладу, а кім яе запаўняць? І якраз той, хто не губляў час, хто развіваўся, нават і за межамі, яны маглі б прывезці іншы, свежы вопыт. 

Я бачу гэту сітуацыю ў Беларусі зараз, калі «зачышчаюць» патрыётаў, я не ў захапленні ад яе. У маім разуменні, яна інспіруецца не беларусамі, а агентамі ўплыву з Расіі. 172 чалавекі нашы ўлады падазраюць у тым, што яны ваююць ва Украіне, але я яшчэ не чуў, каб некага пакаралі з прыхільнікаў ДНР. Наадварот, чамусьці цягаюць маладых шчырых людзей, якія за Украіну. І нават за актыўнасць не ў зоне АТА, а ў сацыяльных сетках. 

Лічу, што сітуацыя па ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь на сёньня вельмі блізкая да той сітуацыі, якая склалася ва Украіне напярэдадні акупацыі Крыма. Але ці то Расія нас лічыць ужо цалкам сваімі падкантрольнымі, таму не кранае, ці асцерагаецца самой персоны Лукашэнкі, бо разумее, што гэты здольны супраціўляцца. 

«Нашай уладзе трэба хуценька звярнуцца да нармальнага здаровага патрыятызму» 

— Слабасць ідэалагічнай падрыхтоўкі не дае падставаў спадзявацца, што калі прыйдзе Расія, наша войска будзе гатовая супраціўляцца. Вельмі багата хто можа проста сабатаваць. 

Што рабілася ў Крыме? Частка крымскай дыслакацыі украінскага войска былі найлепшымі па забеспячэнню. Тое самае з нашай 103-й брыгадай у Віцебску: лепшая па забеспячэнні, пастаянныя кантакты з расейцамі, сумесныя вайсковыя навучанні… У Крыме расейцы пралічылі, знайшлі аднакурснікаў, аднакласнікаў камандзіраў тых палкоў, якія былі размешчаныя на паўвыспе, і выцягнулі тых людзей, нават не гледзячы на тое, што тыя даўно на пенсіі ці яшчэ дзе, прывезлі пад момант акупацыі. Выходзіць камандзір палка украінскага войска, а да яго прыходзіць сябра, з якім яны хадзілі ў першы клас: «Ты чё, да мы ж братья!». 

Для Украіны першыя некалькі месяцаў быў культурны шок: расейцы, здаецца, браты, а з імі, аказваецца, трэба ваяваць. Побытавыя праблемы і плюс асабісты фактар — вельмі тонка было сыграна. 

Не ведаю, ці разумее гэта наш прэзідэнт. Напрыклад, калі ён прыязджае з інспекцыяй у Мар'іну Горку, што ён бачыць? Пабудавалі новую казарму, пабялілі бардзюры. Камандзір дакладае, наколькі яны верныя яму. А далей што? Ён жа не ведае сітуацыі ўнутры. 

І з Мар'інай Горкі зараз багата хто едзе і ваюе за ДНР. Чаму? Нехта абсалютна шчыра займаецца там вярбоўкай. А ў Мар'інай Горцы нават няма свайго асабіста! 

Таму лічу, што нашай ўладзе, калі яна хоча самазахавацца і захаваць краіну, трэба хуценька заняцца навядзеннем парадку і ў першую чаргу звярнуцца да патрыятызму і ідэалагічнай работы. Не гэтай надуманай ідэалогіі, а да нармальнага здаровага патрыятызму.

***

Сяргей Чыслаў (Бульба) — бізнэсмен. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча ў 1989 годзе. Служыў у Забайкаллі, на мяжы з Кітаем. Стаяў ля вытокаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, адзін са стваральнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». Разам з Станіславам Суднікам выдаў ў 1997 «Руска-беларускі вайсковы слоўнік». Некалькі разоў балатаваўся ў дэпутаты. Затрымліваўся спецслужбамі. Пагрозы даходзілі да фізічнага катавання і закопвання ў лесе. Афіцыйна змяніў прозвішча на Бульба.

«Белы легіён». Створаны ў 1994-1995 г. На такую назву арганізацыі паўплываў твор Уладзіміра Караткевіча «Маці ўрагану». Галоўнай мэтай дзейнасці «Белага легіёну» было выхаванне нацыянальна арыентаванай моладзі. Абавязковы складнік — здаровы лад жыцця і выдатная фізічная форма, а таксама веданне гісторыі. Арганізацыя мела структуры ў многіх гарадах Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?