Нарвежскі суд задаволіў пазоў Андэрса Брэйвіка, які адбывае турэмны тэрмін за забойства 77 чалавек. Ён скардзіўся на негуманныя ўмовы ўтрымання ў нарвежскай турме.

«Суд […] прыйшоў да высновы, што ўмовы ўтрымання ў турме ўяўляюць сабой негуманнае абыходжанне», — цытуе суддзю акруговага суда Осла агенцтва Франс прэс.

«Забарона на негуманнае абыходжанне з чалавекам уяўляе сабой адну з асноватворных каштоўнасцяў дэмакратычнага грамадства. Гэта дзейнічае нягледзячы ні на што — нават калі гаворка ідзе пра забойцаў і тэрарыстаў», — сказала суддзя.

Слуханні па пазове Брэйвіка з нагоды негуманнага абыходжання з ім у турме пачаліся ў сакавіку.

Брэйвік сцвярджаў, што за час знаходжання ў зняволенні яго абшуквалі больш за 800 раз, што парушала яго правы як зняволенага. Часта гэтыя ператрусы праходзілі сярод ночы. Таксама ён правёў каля пяці гадоў у адзіночнай камеры.

Суд пагадзіўся з гэтымі довадамі, аднак не прызнаў, што было парушана права Брэйвіка на прыватнае жыццё і перапіску.

У сваім пазове Брэйвік скардзіўся, што ахоўнікі правяраюць усе лісты, што прыходзяць да яго, і што ў яго няма права на публікацыю кніг.

Суд пастанавіў, што ўрад павінен кампенсаваць усе выдаткі Брэйвіка на адвакатаў — 330 000 крон (каля 40 тысяч даляраў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?