Грамадскае аб`яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) зноў просіць грамадскасць дапамагчы з аплатай арэнды офіса і камунальных плацяжоў.

Звярнуцца па дапамогу ТБМ вымушана з-за чарговага павышэння арэнднай платы за офіс аб`яднання — з красавіка кошт арэнды дасягнуў 14 360 000 рублёў у месяц. «Таксама неабходна рэгулярна плаціць за камунальныя паслугі, тэлефон, электрычнасць і інтэрнэт», — адзначаюць у ТБМ.

Неабыякавыя грамадзяне рэгулярна пералічваюць ахвяраванні на рахунак аб`яднання, іх імёны публікуюцца ў газеце «Наша слова» і на сайце ТБМ. Тым не менш у сувязі з рэзкім павелічэннем памераў плацяжоў арганізацыя вымушаная прасіць дапамогі ў шырокай грамадскасці.

Аналагічная сітуацыя мела месца ў маі 2013 года, калі грамадзяне Беларусі менш чым за 20 дзён сабралі 20 млн рублёў, што дазволіла аплаціць арэнду офіса ТБМ на два месяцы наперад. Характэрна, што 10% ад гэтай сумы на рахунак аб`яднання перавяла Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Рэквізіты, неабходныя для пералічэння ахвяраванняў, публікуе сайт ТБМ.

«Таварыства беларускай мовы» заснавана ў 1989 годзе і афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі. Узначальвае арганізацыю вядомы грамадскі дзеяч, гісторык Алег Трусаў. Паводле інфармацыі сайта ТБМ, аб`яднанне налічвае каля 6 тысяч членаў у Беларусі і за мяжой — у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Германіі і іншых краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?