Апошнім часам праграмы галасавой IP-тэлефаніі сталі вельмі папулярнымі. Падобны спосаб зносінаў – выдатная магчымасць не пераплачваць за свае званкі і паведамленні.

Першапачаткова самым папулярным сэрвісам IP-тэлефаніі ў свеце была эстонская праграма Skype, але потым у Skype з'явіўся моцны канкурэнт у выглядзе беларускай праграмы Viber. «Наша Ніва» вырашыла прааналізаваць, якія ёсць іншыя праграмы і сэрвісы з падобным функцыяналам для ажыццяўлення званкоў праз Інтэрнэт.

Google Hangouts

Мала хто здагадваецца, аднак інтэрфейс Google дазваляе ажыццяўляць званкі іншым карыстальнікам, у якіх ёсць пошта на Google. З дапамогай Hangouts можна ствараць групавыя чаты (да 100 карыстальнікаў) і відэаканферэнцыі для 10 карыстальнікаў. Сэрвісам можна карыстацца як з дапамогай вэб-браўзера, так і праз мабільныя праграмы для Android і iOS. Для таго, каб карыстацца Hangouts, рэгістрацыя не патрэбная. Дастаткова мець паштовую скрыню Gmail. Праграма добра інтэграваная з Google+ і адраснай кнігай. Такім чынам, усе кантакты ўжо сабраныя ў адным месцы і іх не трэба шукаць асобна. Сэрвіс таксама дазваляе перасылаць дакументы, якія сінхранізуюцца з Google Disk. Функцыянал Hangouts дазваляе тэлефанаваць не толькі іншым карыстальнікам сэрвісу, але і на звычайныя нумары, хаця гэта і супярэчыць вядомаму беларускаму ўказу №98 «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі». Цікава, што праграма дазваляе тэлефанаваць на мабільныя і стацыянарныя нумары ў ЗША і Канаду бясплатна.

Hangouts не мае рэкламы, у адрозненне ад Skype, і мае даволі просты і зразумелы інтэрфейс. Нягледзячы на функцыянальнасць, сэрвіс мае зручныя і простыя налады, у тым ліку налады бяспекі і прыватнасці.

Калі казаць пра недахопы праграмы, то гэта:

  • Адсутнасць магчымасці выдаляць карыстальнікаў з чату. Для рэалізацыі гэтага дзеяння трэба выдаляць цалкам чат і ствараць новы без непажаданага ўдзельніка.
  • Адсутнасць праграмы на ПК. На персанальным камп’ютары доступ да сэрвісу ажыццяўляецца толькі праз браўзер.
  • Немагчымасць адпраўляць у паведамленнях відэаролікі.

KakaoTalk

Дадзеная праграма малавядомая ў Беларусі, але вельмі папулярная ў ЗША, Японіі, Інданэзіі і на сваёй Радзіме — у Паўднёвай Карэі. У Еўропе праграма папулярная толькі сярод фанатаў K-Pop. Але ёсць усе шанцы, што праграма будзе мець вялікую колькасць карыстальнікаў і ў нас.

KakaoTalk мае ўвесь стандартны набор сучасных месенджараў: гэта і магчымасць дасылаць паведамленні, і ажыццяўляць званкі (як відэа, так гукавыя), і ствараць групавыя чаты. Групавыя чаты, дарэчы, гэта адна з пераваг дадзенага сэрвісу, бо ў KakaoTalk няма ніякіх абмежаванняў на колькасць удзельнікаў у чаце (у Viber, напрыклад, колькасць удзельнікаў размовы абмежаваная лічбай 200).

Таксама KakaoTalk з шэрагу іншых падобных сэрвісаў вылучае вялікая колькасць цікавых дадатковых функцый:

  • функцыя скажэння голасу пры тэлефанаванні
  • магчымасць дадаць сябра, проста страсянуўшы вашымі тэлефонамі у непасрэднай блізкасці адзін да аднаго, альбо з дапамогай QR-кода
  • інтэграцыя з іншымі сэрвісамі Kakao (KakaoMusic, KakaoStyle, KakaoHome, KakaoPage і г.д.);
  • практычна бясконцая колькасць тэм афармлення, смайлаў і г.д.

З недахопаў можна адзначыць тое, што:

  • нельга імпартаваць кантакты з іншых месенджараў
  • кампанія ў 2014 годзе заявіла, што будзе працаваць са спецслужбамі. Пазней кампанія выбачылася перад карыстальнікамі, але падобныя заявы, звязаныя з бяспекай дадзеных, не выклікаюць асаблівага даверу ў карыстальнікаў.

WhatsApp

Раней праграма была звычайным месенджарам, але летась з’явілася функцыя галасавых званкоў паміж карыстальнікамі. Такім чынам, WhatsApp стаў канкурэнтам для Skype і Viber. На жаль, відэазванкі для карыстальнікаў недаступныя, хаця кампанія WhatsApp раней паведамляла, што гэтая функцыя з’явіцца ў хуткім часе.

Прыемна для карыстальнікаў праграмы тое, што раней яна была платная (99 цэнтаў за год), але з 2016 году стала бясплатнай, пры гэтым у ёй прынцыпова адсутнічае рэклама.

Акрамя гэтага, з пачатку красавіка 2016 году праграма WhatsApp пачала выкарыстоўваць алгарытм скразнога шыфравання. WhatsApp сцвярджае, што з дапамогай дадзенага алгарытму паведамленні змогуць убачыць толькі адпраўнік і атрымальнік. Нават WhatsApp не зможа прачытаць вашыя паведамленні, таму што ключы шыфравання ўнікальныя і доступ да іх ёсць толькі ў адпраўніка і атрымальніка.

Эксперты мяркуюць, што WhatsApp быў вымушаны пайсці на такі крок пасля таго, як амерыканскія ўлады пачалі ціснуць на кампанію, каб атрымаць канфідэнцыйныя дадзеныя карыстальнікаў.

ooVoo

Цікавая альтэрнатыва для Skype і Viber. Акрамя стандартнага набору функцый, сэрвіс мае наступныя перавагі над канкурэнтамі:

  • дазваляе праводзіць відэаканферэнцыі для 12 карыстальнікаў (у той час як Skype-канферэнцыя абмежавана 10-ю карыстальнікамі)
  • можна звязвацца нават з карыстальнікамі, у якіх няма рэгістрацыі на ooVoo і якія не маюць на сваіх камп’ютарах адпаведнага праграмнага забеспячэння. Дастаткова згенераваць спасылку, даслаць яе суразмоўцу, і суразмоўца зможа праз браўзер выйсці з вамі на сувязь.

Максіфон ад Белтэлекама

У дадзены момант паслуга Максіфон фізічным асобам не прадастаўляецца, толькі юрыдычныя асобы могуць падключыцца на 1 з 3 тарыфных планаў. Тарыф «Свабодны» дазваляе тэлефанаваць абанентам «Белтэлекама» за 80 рублёў за хвіліну і 320 рублёў за хвіліну за званок на мабільны нумар. Тарыфы «Кампаньён» і «Кампаньён Плюс» прапаноўваюць па 400 і 800 хвілін для званкоў абанентам «Белтэлекаму» за 52 000 руб. і 100 000 руб. адпаведна. Званкі (у тым ліку відэазванкі) з Максіфона на Максіфон для абанентаў «Кампаньён» і «Кампаньён Плюс» бясплатныя. Абаненты Максіфон могуць атрымаць рэальны нумар у фармаце +375 24 9хх хх хх. Раней падключыцца да дадзенай паслугі маглі і фізічныя асобы, але з 21 сакавіка Белтэлекам часова прыпыніў падключэнне новых абанентаў з ліку фізічных асоб «у сувязі з планавай мадэрнізацыяй праграмнага забеспячэння».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?