Грамадства2929

Мінчук дамогся пашпарта на правільнай лацінцы і без імя па бацьку

«Я патлумачыў, што гэта спрадвечная традыцыя» — каб атрымаць пашпарт, дзе імя напісанае на беларускай лацінцы і ня згадваецца імя па бацьку, 76-гадовы мянчук Антось Вусовіч патраціў чатыры гады. Пра ўсе інстанцыі, якія ён прайшоў, і пра тое, як сам распрацаваў блянкі для пашпартнага стала, ён распавёў Свабодзе.

Я не зьмяняю прозьвішча, а выпраўляю

Каб атрымаць свой першы беларускі пашпарт, 76-гадовы Антось Вусовіч, па прафэсіі фізык-інжынэр і былы выкладчык, чатыры гады перапісваўся з самымі рознымі інстанцыямі. Звычайна выдача пашпарту займае месяц. Але Вусовіч хацеў атрымаць дакумэнт, дзе яго імя было б напісана згодна зь беларускай традыцыяй, а ня так, як гэта часам робяць у пашпартных сталах.

Па-першае, ён хацеў быць запісаны як «Антось», а не «Антон». Па-другое, яму не падабалася, што беларускае прозьвішча «Вусовіч» на расейскай пісалі як «Усович». Па-трэцяе, ён хацеў, каб ягонае імя было запісана ў «спрадвечнай беларускай форме». Гэта значыць, без імя па бацьку, што зьяўляецца расейскай традыцыяй. Ну, і нарэшце, трансьлітарацыю лацінскімі літарамі ён патрабаваў зрабіць не паводле ангельскай нормы, а паводле беларускай — Vusovič, замест Vusovich.

«Мне паўсюль казалі пра зьмену імя і прозьвішча, а я адказваў, што не зьмяняю, а выпраўляю», — расказаў Вусовіч Свабодзе.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, які займаецца выдачай пашпартоў, перанакіраваў просьбіта ў ЗАГС. Але ў ЗАГСе не было блянка для заявы аб удасканаленьні імя і прозьвішча. Таму Вусовіч адмыслова для іх распрацаваў такі дакумэнт.

Ягоны зварот потым пераслалі ва ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму. Да звароту Вусовіч далучыў даведку, якую атрымаў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.

«Імя Антось зьяўляецца беларускай формай мужчынскага імя Антон, — піша ў даведцы Аляксандар Лукашанец, дырэктар інстытуту. — Па жаданьні грамадзяніна імя Антось можа быць выкарыстана ў якасьці дакумэнтальнага. Пры запісе гэтага імя па-расейску яно трансьлітаруецца (перадаецца палітарна) як Антось».

Я ледзь прачытаў адзін абзац на беларускай мове

17 ліпеня 2006 году Антось Вусовіч нарэшце атрымаў пашпарт. Чатыры гады змаганьняў дзеля пары радкоў у пашпарце. Ці варта гэта было такіх высілкаў? Вусовіч абсалютна не шкадуе патрачанага часу. Магчыма, ён адзіны ў Беларусі, хто мае такі пашпарт. Апрача беларускай традыцыі запісу імя, ён яшчэ і дамогся, каб у пашпарце засьведчылі ягоную нацыянальнасьць, як гэта было ў савецкім дакумэнце.

«Я нарадзіўся беларусам, — кажа ён. — Чалавеку належыць заставацца тым, хто ён ёсьць. Яму належыць мець нацыянальную годнасьць».

Антось Вусовіч паходзіць з заходнебеларускай сям’і. Дзяцінства ён правёў на хутары Зуйніца паміж Докшыцамі і Глыбокім. Пасьля школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў на працу ў Казахстан, потым служыў на Балтыйскім флёце.

У канцы 1970-х у Інстытут ядзернай фізікі прыехаў дырэктар атамнай лябараторыі з Чыкага. Амэрыканец аказаўся беларусам, які зьехаў зь Менску падчас Другой сусьветнай вайны. Ня ведаючы расейскай мовы, ён правёў лекцыю для супрацоўнікаў заводу па-беларуску.

«Тады выступіў спадар Алег Ярашэвіч, загадчык лябараторыі нулявых рэактараў. Ён сказаў, што за ўсе гады, колькі ён тут працуе, у гэтай залі ўпершыню прагучала беларуская мова».

Многія чыноўнікі прыязна ставяцца да беларускай гісторыі і культуры

Прыкладна ў гэты ж час яму выпадкова трапілася беларуская кніга — апавяданьні Антона Касьпяровіча. Як тады было прынята, яе далі «ў нагрузку» да папулярнай літаратуры, якая была ў дэфіцыце.

«Пакуль я прачытаў першы абзац, я так намучыўся! — узгадвае Вусовіч. — Я цалкам адвык ад беларускай мовы. А потым паступова я стаў цікавіцца ўсім беларускім».

У 1980-я гады, у часы перабудовы, ў Інстытут ядзернай энэргетыкі прыязджалі дэмакратычныя лідэры, сярод якіх былі і Зянон Пазьняк зь Юрыем Хадыкам.

«Гэта была хваля народных франтоў. Тады і ў мяне канчаткова сфармаваўся інтарэс да беларускай культуры і мовы».

З 1992 году і да самага закрыцьця Антось Вусовіч працаваў у беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. На пэнсіі спадар Вусовіч ужо 13 год, але застаецца актыўным. Сёлета, напрыклад, разам з жонкай пайшоў на курсы ангельскай мовы ў Менскім унівэрсытэце трэцяга ўзросту.

«Каб наш сьветапогляд выходзіў па-за межы тэлескрыні ці радыёпрымача, трэба ведаць замежныя мовы, — кажа 76-гадовы пэнсіянэр. — Для працы з кампутарам трэба валодаць мінімальнай ангельскай. Бо колькі б табе ні было гадоў, трэба жыць сучасным жыцьцём».

Менавіта з адукацыі мае пачацца нацыянальнае адраджэньне, упэўнены былы выкладчык. У 1993 годзе ён удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, дзе падкрэсьліваў, што важна выхоўваць ня толькі разумных дзяцей, але і найперш будучых грамадзянаў сваёй краіны.

І гэтаксама, як нацыянальна сьвядомых дзяцей, Вусовіч упэўнены, можна выхоўваць і чыноўнікаў. Ягоны досьвед працы зь дзяржслужбоўцамі паказвае, што і ад іх можна дамагчыся беларускасьці.

«Не адзінкі, а многія зь іх ставяцца прыязна да беларускай гісторыі і культуры, — кажа Вусовіч. — Таму можна чакаць ад іх пазытыўнай рэакцыі на патрабаваньне беларускасьці. Рабіць гэта трэба не агрэсіўна, а карэктна і цьвёрда».

Каментары29

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат латвійскага баскетбаліста Цімы: З расійскага морга яго аддалі голым, без грыму і бальзамацыі1

На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана6

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы14

Маладую мінскую юрыстку, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр'ераў, асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Таўро «Слава Расіі» на жываце ўкраінскага палоннага. Хто і навошта мог гэта зрабіць і ці можна яго вывесці?2

Учора вечарам і сёння раніцай у Беларусі назіраліся серабрыстыя аблокі1

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах14

З-пад завалаў шматпавярховіка ў Кіеве ноччу дасталі яшчэ пяць целаў, колькасць загінулых дасягнула 21

У Беларусі пачынаюць прадаваць электракары за 20 900 рублёў. Але выглядаюць яны вельмі незвычайна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць