У якасьці доказу газэта прыводзіць выказваньне на інтэрнэт‑форуме. Аўтар артыкулу ў зьняважлівай форме крытыкуе кнігу Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна», не называючы ні імя аўтара, ні назвы кнігі.

Газэта Міністэрства абароны «Во славу Родины» у чарговым нумары прысьвяціла трагедыі вёскі Дражна Старадарожскага раёну артыкул пад назвай «Па сьлядах «мутнай» сэнсацыі». Яго аўтар Уладзімер Кажэўнікаў у зьняважлівай форме крытыкуе кнігу Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна», не называючы ні імя аўтара, ні назвы кнігі («некий краевед», «некий предприимчивый издатель», «опус «краеведа»).

Скліканая пасьля публікацыі кнігі камісія Старадарожскага савета ветэранаў, па словах Кажэўнікава, «прыйшла да высновы, што «краязнаўца», намагаючыся ачарніць Перамогу ўсяго народа над фашызмам, суб’ектыўна і прадузята патлумачыў партызанскую апэрацыю па зьнішчэньні паліцэйскага гарнізона як карную акцыю супраць мірных жыхароў».

Ад сябе аўтар вайсковай газэты закідае Хурсіку прагу «лаўраў Зянона Пазьняка, што прапіярыўся на курапацкіх магілах».

Паводле У. Кажэўнікава, кніга «Кроў і попел Дражна» заснаваная на нібыта досыць сумнеўных сьведчаньнях аднаго чалавека — «састарэлага пэнсіянэра» Мікалая Пятроўскага. Ён не ўзгадвае сьведчаньні іншых жыхароў Дражна, зафіксаваных у Нацыянальным архіве. Аўтар артыкула дапускае думку, што сьведка Пятроўскі мог банальна памыліцца і паблытаць партызанаў з паліцаямі. Нібыта ён расказваў пра спаленьне вёскі і расстрэл яе жыхароў, што адбыўся не 14‑га, а 15‑га красавіка 1943 г.

У якасьці доказу прыводзіцца выказваньне на інтэрнэт‑форуме: «Наша вёска знаходзіцца паміж Чэрыкавам і Крычавам [больш за 100 км на ўсход ад Дражна ‑‑ НН]. Мая бабуля паліцаяў усё жыцьцё кляла. Яна расказвала, як тыя прыходзілі пад выглядам партызанаў. Дзядзька быў у партызанаў сувязным, то ён ведаў усіх сваіх у твар. Вось і ў Дражна, я ўпэўненая, было тое ж самае». З гэтага сп. Кажэўнікаў робіць выснову: «Хутчэй за ўсё, удзельніца форуму мае рацыю. (…) Пасьля партызанскай апэрацыі нельга выключыць помсты паліцаяў у адносінах паўнагадовых чальцоў яго (М.Пятроўскага —НН) сям’і на наступны дзень. Менавіта паліцыянтаў падлетак і прыняў за партызанаў».

Паводле «Во славу Родины», бой у Дражна «папоўніў гераічны летапіс партызанскага руху ў Беларусі. Умовы бою не выключалі чалавечых ахвяраў, таму ў выніку «пацярпелі і некалькі мясцовых жыхароў». Аўтар настойвае, што сярод жыхароў Дражна была вялікая колькасьць паліцыянтаў, на якіх і ляжыць віна за гібель мірных жыхароў, якіх тыя выкарысталі ў якасьці жывога шчыта. Выклікае цікавасьць характарыстыка мясцовага насельніцтва: «Паводле этнічнага складу многія жыхары Дражна — нашчадкі заможных выхадцаў з Рэчы Паспалітай, што пасяліліся тут некалькі стагодзьдзяў таму». Партызаны, на думку аўтара, не маглі катаваць мірных жыхароў, дзяцей у прыватнасьці. Як доказ, Кажэўнікаў дае зьвесткі пра тое, што акрамя дывэрсій, партызаны «апекаваліся дзецьмі‑сіротамі».

У артыкуле вядзецца і пра сёньняшнія падзеі вакол Дражна. «Энтузіясты з шэрагаў дэструктыўных дэмакратаў, каб падліць алею ў агонь, рынуліся ў Дражна, каб самавольна ўсталяваць там каля мясцовых каталіцкіх могілак шасьціканечны крыж. Задумка простая: зьявіцца цяпер для неўтаймоўных сталічных каляпалітычных гастралёраў нагода і месца зьбірацца па вясьне на гаманкія пікнікі‑мітынгі і бянтэжыць вяскоўцаў» — піша журналіст.

У. Кажэўнікаў дэманструе дасьведчанасьць наконт далейшага лёсу крыжа: «Жыхароў вёскі такая пэрспэктыва відавочна не радавала, дый сымболіка, падобна на тое, ня кожнага задавальняла, таму ноччу невядомыя крыж акуратна выкапалі, адвезьлі ў суседнюю вёску і паклалі каля іншых могілак».

Нагадаем, што мэмарыяльны крыж у Дражна быў усталяваны 19 красавіка 2008 году. Праз чатыры дні невядомыя зламалі яго. Тады ж быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту палітык Вячаслаў Сіўчык, які ўдзельнічаў ва ўсталяваньні крыжа.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0